«Наша Ніва»: Хутка мае быць вырашаны лёс асуджаных Канавалава і Кавалёва. Наколькі апраўданым быў, на Вашу думку, такі жорсткі прысуд ім?

Святлана Алексіевіч: Людзі цяпер не могуць абараніцца ад зла сучаснага свету, якое робіцца больш вышуканым, больш нечаканым. Тэрарызму ў Беларусі зусім ніхто не чакаў, мы маленькая краіна, заціснутая ў цісках дыктатуры. Ніхто не думаў, што тут можа здарыцца класічны тэракт.

Канавалаў — хто ён? Адзіночка альбо за здзейсненым стаяць нейкія інтарэсы?
Праўду мы даведаемся яшчэ вельмі няхутка. Тое, што гэты тэракт — разборка адзінокага чалавека са светам, відавочна: па тым, як паводзіць сябе ягоная сям’я, па тым, што ён маўчыць на працэсе... Гэта пакідае шмат пытанняў. Як і тое, што казаў адвакат Кавалёва, — пра мантаж відэа з метро, напрыклад.
Кажуць аб праблемах псіхікі ў Канавалава. Тады патрэбная дапамога псіхааналітыка. Але нельга расстраляць чалавека, які прамаўчаў увесь суд.
Сучаснае грамадства не ўспрыме расстрэлу, калі яно не давярае следству — нават калі для найвышэйшай меры ёсць юрыдычныя падставы. Бо
калісьці нармальным лічылася есці іншых людзей, калісьці смяротнае пакаранне адбывалася на плошчы… Мы недалёка ад гэтага адышлі.

І абсалютна незразумела, чаму рэчавыя доказы трэба так хутка знішчыць — у такой справе, дзе кропкі канчаткова не расстаўленыя...

«НН»: Грамадства, як паказваюць абмеркаванні справы тэракту ў незалежных СМІ, не мае адзінай пазіцыі наконт смяротнага пакарання.

СА: Сама наяўнасць такой дыскусіі паказвае, што грамадства хворае ад доўгага знаходжання ў заціснутым стане. Адны баяцца страціць працу, іншыя — што іх выкінуць з універсітэта, калі яны будуць казаць тое, што думаюць, ці выйдуць на Плошчу. Чакаць ад такога грамадства нармальнай чалавечай рэакцыі не даводзіцца.

У людзей не еўрапейскае светаўспрыманне, яны як куфры з забабонамі — савецкімі, царскімі, правінцыйнымі.
Мы, знаходзячыся спачатку ў савецкім часе, а пасля ў дыктатуры, якая робіць стаўку на сілу, перасталі развівацца. Можна казаць што заўгодна пра савецкі час, але тады выдаваўся Швейцэр, які пісаў пра павагу да чалавечага жыцця, і вакол яго дыскутавалі. Хто сёння пра гэта гаворыць? Сёння кажуць толькі пра тое, які дрэнны Лукашэнка, але ў мяне шмат пытанняў і да нашага грамадства.
У грамадстве назбіралася велізарная колькасць агрэсіі — гэта кажа пра тое, што людзі не праходзяць тую дарогу, якую праходзіць ва ўсім свеце прагрэсіўны чалавек.
Калі б хто­-небудзь у Еўропе выказаўся ў тым духу, што з двума хлопцамі трэба зрабіць вось такім чынам, яго б ніхто болей ніколі не ўспрыняў сур’ёзна. Дзякуй і на тым, што расстрэл не будзе адбывацца на галоўнай плошчы і народ не будзе сабраны.

«НН»: Наколькі рэальная магчымасць памілавання Канавалава і Кавалёва?

СА: Я думаю, што маскоўскія падзеі на Балотнай ці Сахарава палохаюць нашую ўладу. А яе свядомасць такая, што, апроч сілы, яно не ведае іншых шляхоў размовы з грамадствам. І вось праз гэты страх расстрэл будзе выкананы.

Я схільная думаць, што ў гэтых хлапцоў віна ёсць. Але выносіць смяротны прысуд — гэта дадаваць агрэсіі грамадству. Асабіста я не прымаю смяротных прысудаў.
Кветку шкада, прусака, што ўжо казаць пра чалавека, які заблукаў.
Ёсць форма пажыццёвага зняволення — хай чалавек размаўляе з Богам, хай працягваецца расследаванне.
Да асуджаных не дапусцілі журналістаў... Быў такі прыбалтыйскі фільм, рэжысёра Франка, пра чалавека, якога прысудзілі да смяротнага пакарання. Там былі страшныя злачынствы. І рэжысёр правёў два месяцы з асуджаным. І калі глядзіш гэты фільм, бачна, што чалавек прайшоў праз раскаянне. Чалавеку трэба пакідаць гэты шлях.

«НН»: Але ці раскайваецца чалавек, атрымаўшы пажыццёвае?

СА: Я была ва Уладзімірскім цэнтрале ў Расіі, дзе сядзяць асуджаныя пажыццёва. Нават у Ташкенце падчас вайны, дзе ляжалі хлопцы, якія засталіся без рук і ног, і ад якіх адмовіліся сваякі, я не бачыла такіх вачэй, якія былі там. Асуджаныя ішлі шэрагам, і па вачах было бачна, што яны праходзяць шлях раскаяння.

«НН»: Падобная дыскусія ідзе ў інтэрнэце вакол сітуацыі з нарвежскім тэрарыстам Брэйвікам. Выказваецца абурэнне «лёгкім» прысудам, умовамі жыцця ў турме, куды ён трапіў — у Беларусі многія не жывуць так на волі.

СА:

На Захадзе нікому ў галаву не прыходзіць, што нават да такога страшнага чалавека можна ставіцца не як да чалавека.

У нас усе чакаюць, памілуе Лукашэнка асуджаных ці не, а грамадства маўчыць — хіба што ў блогах з’яўляюцца допісы. Пра Брэйвіка ж размаўляе ўся Нарвегія — там, пачынаючы з караля, усе абмяркоўваюць гэтую тэму, але не на кухні за гарбатай, а на грамадскіх пляцоўках. У выніку чалавек, які выносіць канчатковае рашэнне, абапіраецца на грамадства.

Уладу варта кантраляваць, яе нельга аддаць выключна палітыкам.

Нашае грамадства пры­ціхла, і не толькі ў сувязі са смяротным пакараннем. Напрыклад, настаўніца Ільініч, якая пасля Плошчы не можа ўладкавацца нават паштальёнам, а яна чалавек з вышэйшай адукацыяй — мала хто выступае ў яе абарону.

У справе тэракту мяне ўразіла адна рэч. Уявіце: маці Кавалёва жыла ў сям’і пацярпелых ад тэракту; гэта кажа пра тое, што людзі знаходзяцца на больш высокім узроўні, чым улада.
Людзі гатовыя мяняцца, расці.

«НН»: Што трэба зрабіць, каб стаўленне да смяротнага пакарання змянілася?

СА: Па-­першае, у краіне мусіць быць дэмакратычная ўлада, па-другое, зусім іншая сістэма працы з людзьмі — пачынаючы ад школы і ўніверсітэта трэба даваць людзям іншыя ўстаноўкі.

Цяпер, як і ў савецкі час, выхоўваюць чалавека-вінціка:
гэта ж смешна, калі ўся краіна пачынае па загадзе зверху дружна збіраць нейкія анучы і металалом. Я бачыла ў Кітаі домны, у якіх кожная вёска варыла метал — калі кітайская ўлада дала ўстаноўку, што трэба перагнаць Амерыку. Мне здаецца, што мы рухаемся ў той бок.

* * *

Святлана Алексіевіч нарадзілася 31 мая 1948 у Івана-Франкоўску (Украіна).
Разам з сям’ёй пераехала ў Беларусь, дзе атрымала журналісцкую адукацыю. Пяць кніг, напісаных Алексіевіч, выйшлі вялікімі накладамі на розных мовах. За кнігу «У вайны не жаночае аблічча», напісаную ў 1985 годзе, Алексіевіч летась атрымала прэстыжную прэмію «Ангелус». Апроч таго Алексіевіч — лаўрэат шматлікіх еўрапейскіх і амерыканскіх прэмій. З пачатку 2000-х жыве ў Еўропе, але рэгулярна прыязджае ў Беларусь.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?