Асобам, якія будуць узнімаць цану з намерам сарваць зямельны аўкцыён, не будуць вяртаць задатак.Пра гэта 18 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.
Гаворка ідзе пра загад Лукашэнкі № 232, які рэгулюе агульныя падыходы і правілы правядзення аўкцыёнаў і конкурсаў у Беларусі.
"Сустракаюцца сітуацыі, калі
на аўкцыёны прыходзяць асобы, першапачаткова маючы намер зрабіць так, каб ён не адбыўся. Напрыклад, калі людзі ўздымаюць цану да вельмі высокай, а тыя, хто прыйшоў набыць прадметы аўкцыёну, не могуць гэтага зрабіць па такой цане.І прызнаецца, што аўкцыён не адбыўся", -- сказаў Гаеў. Цяпер у адносінах да асоб, з-за якіх аўкцыён быў прызнаны несапраўдным, ніякай адказнасці не прадугледжана, а задатак ім вяртаюць.
У сваю чаргу начальнік упраўлення ўліку і ацэнкі земляў Дзяржкаммаёмасці Аляксандр Даўжанкоў адзначыў у якасці станоўчых новаўвядзенняў вызначэнне пачатковай цаны зямельнага ўчастка мясцовымі выканкамамі (раней у гэтым пытанні былі розначытанні), а таксама новую норму ў загадзе кіраўніка дзяржавы № 431, згодна з якой кадастравы кошт будзе ўсталёўвацца на дату падачы заявы, што абароніць людзей ад непрадбачаных выдаткаў.





