Фота Bchd.info
Адміністрацыя РУП «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат» не працягнула працоўны кантракт з грузчыкам Алегам Аксёнавым, які з’яўляецца намеснікам кіраўніка магілёўскага гарадскога аргкамітэту БХД. Ён атрымаў пісьмовае папярэджанне пра тое, што заключаны з ім 17 лютага 2011 года працоўны кантракт не будзе працягнуты.
Алег Аксёнаў расказаў «НН» пра сітуацыю на камбінаце і пра сваё звальненне.
У пачатку кастрычніка мінулага года на камбінаце сярод будаўнікоў быў створаны страйкам, у які ўвайшлі 7 чалавек. Пры падтрымцы Свабоднага прафсаюза металістаў яны падрыхтавалі спіс патрабаванняў да адміністрацыі. Адным з асноўных патрабаванняў было павышэнне заробкаў, а таксама выплаты індэксацый за затрымкі заробкаў. Па словах Аксёнава, выплата заробкаў часам затрымлівалася на дзесяць дзён.
«У жніўні мы атрымлівалі ад 1,6 мільёна да 2 мільёнаў рублёў, а ўжо ў верасні заробкі скараціліся да мільёна», — расказвае Алег Аксёнаў. Пасля агучвання патрабаванняў заробак «вырас» на 200—300 тысяч, так і не дагнаўшы жнівеньскі ўзровень, сцвярджае актывіст.
Па словах Аксёнава, страйкамаўцы атрымалі пісьмовы адказ ад адміністрацыі, у якім гаварылася пра прынцыпы налічэння заробкаў, а таксама ўказваліся канкрэтныя тэрміны выпраўлення праблем, агучаных рабочымі. Будаўнікі, кажа актывіст, дамовіліся з кіраўніцтвам, што не будуць агучваць у прэсе інфармацыю пра стварэнне страйкаму, калі адміністрацыя выканае іх патрабаванні.
Аднак, неўзабаве ўдзельнікаў страйкаму пачалі выклікаць на персанальныя гутаркі ў «адпаведныя органы», кажа Аксёнаў. Ён мяркуе, што тут не абышлося без адміністрацыі камбіната.
У папярэджанні аб не працягванні кантракта з Алегам Аксёнавым гаворыцца, што зроблена гэта ў сувязі з заканчэннем тэрміна дзеяння дамовы. «У службовым дакуменце ўдакладняецца, што прычынай звальнення з’яўляецца тое, што мы з кіраўніцтвам камбіната не знайшлі агульнай мовы», — кажа Аксёнаў. Цяпер ён шукае новае месца працы. Іншыя ўдзельнік страйкаму не звольненыя, але знаходзяцца ў адпачынку за свой кошт.
Атрымаць каментар у кіраўніцтва РУП «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат» пакуль не атрымалася.
Глядзі яшчэ: Лукашэнкаўцы спрабуюць дыскрэдытаваць магілёўскага рабочага праз БТ.





