Беларусы, якія хочуць паўдзельнічаць у аўкцыёнах, каб атрымаць адрэналін ад працэсу таргоў і ў якасці ўзнагароды займець патрэбны тавар, вымушаныя карыстацца замежнымі сайтамі. Чаму? Рэч у тым, што айчынныя інтэрнэт-аўкцыёны так і не здабылі папулярнасці. Большасць беларусаў не надта любіць гандлявацца, імкнучыся купляць тавары па фіксаваных цэнах. Нават у газетах з аб’явамі фразы «торг дарэчны» сустракаюцца рэдка.

А вось заходні свет таргуецца з задавальненнем. Адзін з найбуйнейшых і найпапулярнейшых сайтаў — амерыканскі інтэрнэт-аўкцыёнeBay — мае некалькі мільёнаў зарэгістраваных угодаў што-дзень. За пятнаццаць гадоў працы кампанія выйшла на гадавы зварот у $10 мільярдаў і стала сапраўды сусветнай карпарацыяй. Большасць беларусаў, якія набываюць былы ў карыстанні тавар, заходзяць менавіта на гэты сайт.

У апошнія гады некаторыя пакупнікі сталі глядзець і ў бок Кітая. Тамтэйшыя парталы прапануюць вялікі выбар мясцовага недарагога тавару, самыя вялікія ўжо займелі расійскамоўныя версіі (напрыклад, rutaobao.com).

Хто больш? Прададзена!

Прынцып таргоў аднолькавы паўсюль — ад Захаду да Усходу. Прадавец выстаўляе лот і ўмовы заключэння ўгоды. Напрыклад, выстаўляецца лот — былы ў карыстанні тэлефон iPhone 3. Стартавая цана складае $100. У Беларусі, дарэчы, такі самы каштуе каля $200. Часцяком прадавец указвае, што калі нейкі ахвотнік захоча купіць тавар адразу за $150, то таргі спыняюцца імгненна. Калі такой умовы няма, паведамляецца, колькі будзе працягвацца аўкцыён — дзень, тыдзень ці нават месяц.

На сайтах прадаецца не толькі тэхніка, заўсёды ёсць вялікі выбар адзення, кніг, музыкі і прыемных дробязяў. Калі добра пашукаць, можна знайсці зусім рарытэтныя рэчы.

Варта разглядаць толькі тыя тавары, прадавец якіх гатовы выслаць іх у Беларусь. Многія ставяцца да пакупнікоў з постсавецкай прасторы з недаверам, бо чакаюць ад іх махлярства. Звяртайце ўвагу і на рэпутацыю прадаўца. Калі ён мае шмат негатыўных водгукаў, можа, няварта рызыкаваць?

Калі нарэшце канкурэнты здаліся і засталася толькі вашая прапанова набыць iPhone 3, час аплачваць тавар.

Электроннаму аўкцыёну — электронную аплату

Для аплаты патрэбна мець банкаўскую картку, а таксама зарэгістравацца ў плацёжнай сістэме PayPal.

Паколькі Ebay — амерыканская кампанія, таму для працы з ёй выгадней адкрываць картку Visa (рахунак у далярах), чым Mastercard (у еўра). Можна паспрабаваць звярнуцца ў розныя беларускія банкі, аднак пастаянныя пакупнікі раяць зрабіць выбар паміж трох варыянтаў: «Банк Масква-Мінск», «БПБ-Ашчадбанк» ці «Альфабанк». Зарэгістравацца ў плацёжнай сістэме PayPal прасцей простага, дастаткова зайсці на яе сайт. Важнае ўдакладненне: краінай пражывання давядзецца ўказваць Расію, бо Беларусі ў прапанаваным спісе няма. Аднак пасля не забудзьцеся дапісаць сапраўдную назву краіны ў адрасе.

Атрымаўшы пацверджанне аплаты, прадавец вышле тавар. У залежнасці ад аб’ёму куплі дастаўка з ЗША можа каштаваць ад $2 да $130. У першым выпадку гэта маленькі канверт, у другім — дзесяцікілаграмовая скрынка сярэдніх памераў.

Мытныя перашкоды

Шлях тавару да Беларусі звычайна займае адзін-два тыдні. Але трэба быць гатовым заплаціць мыту, каб атрымаць тавар. Гэта адбу-дзецца, калі ён каштаваў больш за 120 еўра. Мыта складае 30% ад «перабору», што робіць многія куплі нявыгаднымі. Напрыклад, за ноўтбук за 620 еўра давядзецца даплаціць ажно 150 еўра. Прычым ліміт датычыцца не адной пасылкі, а ўсіх атрыманых тавараў на працягу месяца. Калі ж кошт тавару заходзіць за 1000 еўра, то ўмовы становяцца проста драконаўскімі. Дзяржава запатрабуе сплаціць 60% ад кошту. Грошы можна аддаць альбо на мытні, альбо на пошце.

У суседзяў умовы больш ліберальныя. Напрыклад, расійцы могуць атрымліваць тавараў на 1000 еўра, не плацячы мыта, украінцы — на 200 еўра. Таму, калі ёсць магчымасць, выгадней замаўляць пасылкі на адрас расійскіх сваякоў.

Можна папрасіць прадаўца, каб ён указаў у дакументах трошкі меншы кошт, але на такі падман пойдзе далёка не кожны.

Калі не хочацца займацца пытаннямі афармлення карткі, можна звярнуцца да пасярэднікаў. Яны звычайна просяць каля 10% ад кошту тавару, але не менш за $10. У такім выпадку вы перадасце ім пры сустрэчы заклад, а яны аплацяць выйграны лот сваёй карткай. За дадатковую аплату можна даручыць пасярэдніку знайсці патрэбны тавар і паўдзельнічаць у аўкцыёне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?