Купюру ў 200 тыс. рублёў плануецца выпусціць у I квартале 2012 года, паведаміла сёння журналістам старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова.
«Купюра пакуль у працы. Гэта вялікі тэхнічны працэс. З новага года купюра яшчэ не з’явіцца ў абарачэнні, мяркую, што гэта адбудзецца ў першым квартале 2012 года», — сказала Надзея Ермакова.
Разам з тым яна не адказала, што будзе намалявана на новай купюры. «Няхай гэта будзе навагоднім сюрпрызам для беларусаў», — сказала яна.
Раней Нацбанк паведамляў, што на купюры ў 200 тыс. рублёў будуць намаляваныя беларускія ўзоры дойлідства. Апроч ўводу ў зварот новай купюры Нацбанк Беларусі мае намер вывесці з абарачэння разліковыя білеты наміналам 10 і 20 рублёў, бо на іх абслугоўванне трацяцца значныя сродкі.





