29 ліпеня суддзя Гаспадарчага суда г. Мінска Аляксандр Карамышаў разгледзеў адміністрацыйную справу, узбуджаную ГУУС Мінгарвыканкама супраць «Нашай Нівы» і даў газеце 400 базавых велічынь штрафу (14 мільёнаў рублёў).

Справа была ініцыяваная Міністэрствам інфармацыі, што даслала ў ГУУС Мінгарвыканкама ліст «Аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці». Тым лістом Мінінфармацыі ініцыявала адміністратыўныя справы супраць «Нашай Нівы» і «Народнай волі» абумовіўшы іх тым, што выданні мелі цягам года па два папярэджанні.

Частка 3 артыкула 22.9, паводле якой была распачатая справа, прадугледжвае пакаранне ад 100 да 500 базавых велічыняў (ад 3 500 000 да 17 500 000 рублёў).

Сённяшні суд быў першым прэцэдэнтам такога спосабу ўздзеяння на незалежную прэсу — яшчэ ніколі раней Мінінфармацыі не распачынала справу супраць выданняў «рукамі» міліцыі.

«НН» яшчэ не аспрэчыла папярэджання ад 6 ліпеня, якое стала фармальнай прычынай для ўзбуджэння справы. Але суддзя адмовіўся прыпыніць справу на гэтай падставе.

Падчас суда падвіслі ў паветры пытанні пра юрыдычную нестыкоўку між Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях і Законам «Пра сродкі масавай інфармацыі». Бо Кодэкс прапануе прыцягваць да адказнасці «сродак масавай інфармацыі», які, па сутнасці, з’яўляецца прадуктам, створаным рэдакцыяй. Не было адказу і на пытанне, ці атрымалі папярэджанні дзяржаўныя газеты, якія таксама маюць памылкі ў выходных звестках.

Аргументы прадстаўніка «НН» аб тым, што адсутнасць індэкса ў адным нумары гэта малазначнае парушэнне, што закладзены ў Кодэксе памер штрафу — гіганцкі, як на такую віну, і ставіць пад пагрозу дзейнасць Рэдакцыі, што нічые інтарэсы не былі гэтым парушэннем закранутыя суд прыняў пад увагу. Аднак на рашэнне суддзі яны не паўплывалі.

Прадстаўнік Мінінфармацыі, выкліканы судом «для тлумачэнняў» акцэнтаваў увагу на тым, што ад 1991 года, за ўвесь час існавання адноўленай «НН», газета атрымала каля дзесяці папярэджанняў. З іх апошнія чатыры — за два мінулыя гады. І, ініцыюючы гэтую справу, Мінінфармацыі зважала на гэтую «сістэматычнасць».

Нагадаем, папярэджанні Мінінфармацыі ледзь не сталі прычынай закрыцця «НН». Але 12 ліпеня міністэрства нечакана адклікала сваю позву.

Як адзначыла тады кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, на рашэнне Мінінфарма мог паўплываць эканамічны крызіс у краіне: «Верагодна, вырашылі, што чарговы брутальны працэс цяпер не патрэбен. Мабыць, на гэта паўплывала прынцыповая пазіцыя Еўрасаюза ў адносінах да беларускіх улад, у прыватнасці, тое, што СМІ працягваюць заставацца для ЕС прыярытэтам».

Нагадаем, 17 чэрвеня, у часе прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра лёс «Нашай Нівы» і «Народнай волі» адзначыў: «Колькі можна? Парушыў закон — адказвай. Ну, можа, ім выставяць нейкі матэрыяльны іск. Хай плацяць…»

«НН» мае дзесяць дзён на абскарджанне сённяшняга рашэння Гаспадарчага суда Мінска.

Суды Мінінфармацыі з НН — своеасаблівая лакмусавая паперка стану беларускай судовай сістэмы. Пры канцы 90-х свой першы гаспадарчы суд з Міністэрствам інфармацыі НН выйграла. На пачатку 2000-х НН суд па папярэджанні пракуратуры за «публікацыю звестак ад імя незарэгістраванай арганізацыі» таксама выйграла, але рашэнне аспрэчыў асабіста генпракурор Шэйман, і калегія Гаспадарчага суда прыняла яго бок. Апошнія ж гады справы супраць НН пайшлі чарадою. Без шанцаў на перамогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?