Па факце пранікнення ноччу ў Мінскі метрапалітэн групы маладых людзей вядзецца расследаванне. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе аб ходзе расследавання абставінаў выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» Мінскага метрапалітэна.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яму паведамілі аб відэароліку, які нядаўна з’явіўся ў Інтэрнэце. «Яны з хлопцамі праніклі ноччу ў метрапалітэн і здымалі гэта ўсё на відэа. Выклалі гэта ў Інтэрнэт: глядзіце — вось як працуе наша міліцыя і ўсе іншыя на чале з Мальцавым [дзяржсакратар Рады Бяспекі Леанід Мальцаў], як яны забяспечваюць выкананне даручэнняў прэзідэнта», — сказаў Лукашэнка.

«Як мне далажылі, расследаванне з гэтай нагоды праводзіцца. Думаю, і з гэтай нагоды мяне сёння праінфармуюць», — сказаў Лукашэнка і дадаў: «Я нікога пакуль не папракаю і папракаць не буду. Калі гэтыя факты пацвердзяцца — заўтра без пагонаў застанецеся» .

Нагадаем, карыстальнік Aolyellowman змясціў на YouTube відэаролік, наглядна дэманструе ўразлівасць Мінскага метрапалітэна для патэнцыйных тэрарыстаў у начны час. На відэа відаць, як група маладых не цалкам цвярозых людзей пранікае на станцыю праз звычайны ўваход. На станцыі цёмна, але бачны электронны гадзіннік над шляхамі. Час — 3.49. Чуваць, як адзін з удзельнікаў «ўварвання» прамаўляе: «Станцыя «Маскоўская», чацвёртая гадзіна ночы, нават не замкнулі дзвярэй. Можна любы тэракт, б… , зрабіць». Мяркуючы па кадрах, у начным «налёце» на метро ўдзельнічалі 3 чалавекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?