Прыніжаныя катаваннямі ў «амерыканцы» палітолаг Фядута і экс-кандыдат Някляеў прапануюць уладзе дыялог у абмен на свабоду палітвязняў. Пушкініст і палітолаг лічыць, што ва ўмовах эканамічнага крызісу ў Беларусі сацыяльная рэвалюцыя не можа быць альтэрнатывай дыялогу.

Пакуль асуджаны Уладзімір Някляеў і «рыцары круглага стала» працуюць над стварэннем палітычнай партыі, карты праблемаў Беларусі і Камітэта нацыянальнага выратавання, Аляксандр Фядута прасоўвае ідэю дыялогу з Лукашэнкам у сваім блогу ў Жывым часопісе.

На думку Фядуты, трэба крычаць пра дыялог, «таму што народныя масы будуць патрабаваць даляры ў валютных пунктах, але ніяк не свабоды Статкевічу і Усу. Як будуць яны патрабаваць таннай грэчкі і мыла, але зусім не пашырэння ўласных выбарчых правоў».

«Салідарнасць» задала некалькі пытанняў блогеру Фядуту на тэму дыялогу.

— Прыніжаныя катаваннямі ў «амерыканцы» хочуць сесці за стол перамоваў з тымі, хто іх арганізаваў. Гэта ўсё роўна, што ахвярам пайсці на дыялог з катамі. Экс-кандыдатаў і людзей з іх каманд зняважылі, а разам з імі зняважылі ўсіх, хто за іх галасаваў. Ні на ёту не веру, што самым страшным катаваннем для Някляева ў СІЗА быў прагляд навагодняга тэлезвароту Лукашэнкі. І пасля таго, як Вас ставілі на расцяжкі, пазбавілі на некалькі месяцаў зносін з роднымі, не давалі магчымасці бачыцца з адвакатамі, вы хочаце аб нечым дамовіцца з арганізатарамі гэтага публічнага прыніжэння?

— Адам Міхнік сядзеў даўжэй за мяне і цярпеў больш за мяне (Адам Міхнік — вядомы польскі грамадскі дзеяч, адзін з лідараў руху «Салідарнасць» — рэд.). Але менавіта ён выпакутаваў ідэю «круглага стала».

— Хрыстос трываў і нам загадаў. Уласна, я здагадваюся, што прычына, з якой Някляеў прапанаваў дыялог з уладай, — тая ж, што дазволіла Лябедзьку паверыць Раманчуку.

— Прабачце за грубасць, але з масонамі змагацца Вы не спрабавалі? Вы альтэрнатыўныя прапановы сфармулюйце, а не здагадкі выказвайце. Якія прапановы? Сумневы Вашы я бачу, абгрунтаванасць іх прызнаю. Але альтэрнатыўных прапановаў ніхто так і не сфармуляваў.

— Па-мойму, гэтыя альтэрнатыўныя прапановы павінныя сфармуляваць палітолагі, не лічыце? На жаль, я не з іх ліку. І барацьба з масонамі — не мая функцыя. Цікава, каго вы адносіце да масонскай ложы ў Беларусі?

— Мяне адносяць да масонскай ложы, да шпіёнскай сеткі, да «пятай калоны», да «здраднікаў Беларусі» і г.д. Мяне.

З нагоды альтэрнатыўных прапановаў я з вамі згодны. Я свае сфармуляваў. Мне цяпер чакаць сустрэчных або вешацца, не дачакаўшыся? У мяне ў якасці аргументу — досвед Польшчы. У вас — высокія маральныя каштоўнасці. Так таксама можна. Але так было ўсе апошнія сямнаццаць гадоў: маральныя перамогі на баку апазіцыі, а палітвязні ўсё сядзяць і сядзяць. І рэвалюцыю ніхто не можа арганізаваць.

Што рабіць? Чаго не рабіць — я ведаю, здагадваюся ці вы мне падкажаце. А што рабіць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?