У Туркмэніі афіцыйна аб’яўлена пра сьмерць прэзыдэнта Сапармурата Ніязава. Паводле афіцыйнага паведамленьня туркменскага тэлебачаньня Ніязаў памёр ад раптоўнага спыненьня сэрца. Тэлевізія цяпер паказвае сьцяг у жалобнай рамцы.

Адразу пасьля сьмерці Ніязава ў Туркмэніі пачалася барацьба за ўладу. Проці старшыні парлямэнту краіны (мэджлісу) Авэсгельды Атаева, які, згоадна з канстытуцяй, мусіў выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, у першы ж дзень пасьля сьмерці тырана ўзбудзілі крымінальную справу. У чым так імкліва абвінавацілі сьпікера, яшчэ невядома, але сам факт раптоўнае крымінальшчыны гаворыць пра барацьбу за трон. В.а. прэзыдэнта і галоўнакамандуючага стаў міністар аховы здароўя і віцэ‑прэм’ер Гурбангулы Бэрдымухамэдаў – той, хто лячыў дыктатара.

За час кіраваньня (21 год) Ніязаў вычысьціў палітычную прастору краіны, вынішчыў усе самастойныя інстытуцыі і стварыў культ асобы. Дзіва што цяпер у краіне пачынаецца грубая барацьба за ўладу.

Ніязаву было 66 гадоў, і за ягоныя самадурствы яго ненавідзеў ягоны ўласны народ. Ён быў нязьменным лідэрам Туркмэністану больш за дваццаць гадоў. Ён перайменаваў месяцы году, гарады й будынкі ў гонар сябе і сваёй маці. Ён быў цемрашалам: ён разбурыў сыстэму ахову здароўя, бо яму карцела даказаць, што ў краіне ліквідавана большасьць хваробаў. Ён адмяніў сыстэму пэнсійнага забесьпячэньня. Каб грамадзянка Туркмэніі ажанілася зь не‑туркмэнам, яе сям’я мусіла прасіць асабістага дазволу прэзыдэнта і плаціць калым 50 тысячаў даляраў. Для кантролю за краінай ён утрымліваў усюдыісныя спэцслужбы. Сярэдні заробак доктара ці інжынэра складаў у Туркмэніі некалькі дзясяткаў даляраў. Затое жонка й дачка тырана тым часам жылі ў Лёндане.

Раней было вядома, што ў Ніязава праблемы з сэрцам. У 1997 годзе ў Нямеччыне яму была зробленая апэрацыя па аортакаранарным шунціраваньні. Гэтая апэрацыя праводзіцца пры ішэмічнай хваробе – парушэньні кровазабесьпячэньня сэрца. З таго часу да Ніязава ў Ашгабад рэгулярна прыяжджалі нямецкія кардыёхірургі.

У 1994 годзе ў адной з амэрыканскіх клінік Ніязаву выдалілі тромб зь вены на назе, а ў 1995 годзе, паводле некаторых зьвестак, выдалілі катаракту. Туркмэнская апазыцыя сьцьвярджала, што Ніязаў даўно і сур’ёзна хворы на дыябэт.

Ягоную кнігу «Рухнама» пераклалі на беларускую мову Дранько‑Майсюк, Кудравец і Бутэвіч. «Рухнама» была адной зь любімых ягоных цацак туркмэнскага тырана.

Ілюстрацыя globe‑netter.com


Сапармурат Ніязаў‑Туркмэнбашы нарадзіўся 19 лютага 1940 году ў Ашгабадзе. Туркмэн. Бацька Ніязава загінуў у Другую сусьветную вайну (паводле слоў самога Ніязава, гэты факт не пацьверджаны); у часе ашгабадзкага землятрусу 1948 году загінулі яго маці й два браты. (7 траўня 1996 году ў цэнтры Ашгабаду быў адкрыты помнік маці прэзыдэнта – Гурбансолтанджы). Сапармурат Ніязаў быў зьмешчаны ў інтэрнат. Скончыў школу ў 1959 годзе й стаў працаваць інструктарам Туркмэнскага тэрытарыяльнага камітэту прафсаюзу рабочых і службоўцаў гэоляга‑разьведачных работ. Затым працягваў адукацыю ў Ленінградзкім палітэхнічным інстытуце, дзе ў 1967 годзе атрымаў дыплём інжынэра‑энэргетыка. У 1965 годзе працаваў фармоўшчыкам на адным зь Ленінградзкіх прадпрыемстваў. З 1967 году – майстар Безьмейскай ГРЭС ім. Леніна Ашгабадзкай вобласьці. Ад 1997 году – інструктар, загадчык аддзелу ЦК кампартыі Туркмэніі. У 1967 годзе скончыў завочную вышэйшую прадшколу пры ЦК КПСС. Член КПСС з 1962 году.

З 1980 году – першы сакратар Ашгабадзкага гаркаму кампартыі. З 1984 году– інструктар аддзелу арганізацыі партыйнай работы ЦК КПСС. У 1985 годзе – старшыня Саўміну ТССР. У тым жа годзе ён стажаваўся ў Менску: вучыўся кіраваньню ў тагачаснага старшыні беларускага ўраду Бровікава. Ад сьнежня 1985 году – першы сакратар ЦК КПТ, адначасова ад студзеня 1990 году – старшыня ВС ТССР. Народны дэпутат СССР ад Ашгабадзкай сельскай тэрытарыяльнай акругі. Член Вярхоўнага Савету СССР.

13 студзеня 1990 году С. Ніязаў быў абраны старшынём ВС ТССР. Праз паўгоду ВС прыняў Дэклярацыю «Пра дзяржаўную самастойнасьць ТССР». Пост прэзыдэнта быў уведзены ў Туркмэніі яшчэ да афіцыйнага яго замацаваньня ў новай канстытуцыі – у 1990 годзе. Першы сакратар ЦК кампартыі Сапармурат Ніязаў быў абраны на гэты пост шляхам усенароднага галасаваньня з 98,3% галасоў выбарцаў. Пасьля прыняцьця канстытуцыі прэзыдэнт прапанаваў правесьці новыя выбары, каб прывесьці свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьць з новым Асноўным законам.

21 чэрвеня 1992 году адзіны кандыдат Ніязаў быў абраны прэзыдэнтам рэспублікі пераважнай большасьцю выбарцаў (99,5%). У другой палове 1993 году дэмакратычная партыя Туркмэністану (былая кампартыя Туркмэніі) прапанавала прадоўжыць паўнамоцтвы С. Ніязава на другі 5‑гадовы тэрмін без правядзеньня перавыбараў у 1997 годзе. У студзені 1994 году на Ўсенародным рэфэрэндуме пераважная большасьць выбарцаў падтрымала гэтую ідэю.

У красавіку 2002 году Туркмэнбашы, які ніколі не служыў у войску, атрымаў вайсковае званьне маршала. Генэралам арміі ён ужо быў з пачатку 90‑х гадоў.

У жніўні 2002 году Народная Рада зноў прыняла рашэньне пра неабходнасьць зрабіць прэзыдэнцкі тэрмін Ніязава пажыцьцёвым, аднак Туркмэнбашы афіцыйна заявіў, што выбары лідэра краіны ўсё ж адбудуцца пасьля 2008 году.

У лістападзе 2002 году ў Ашгабадзе на жыцьцё Ніязава быў зроблены замах: картэж прэзыдэнта быў абстраляны з грузавіка. У выніку здарэньня ніхто не пацярпеў. Туркмэнбшы назваў арганізатарамі замаху былых высокапастаўленых туркмэнскіх чыноўнікаў: міністра замежных спраў Барыса Шыхмурадава й міністра сельскай гаспадаркі Імамбэрды Ыклымава.

Імем Сапармурата Ніязава ў Туркмэністане названыя: горад Туркмэнбашы (былы Краснаводзк), вялікая колькасьць вуліц, заводаў, калгасаў, школаў. Імя Туркмэнбашы (кіраўнік туркмэнаў) прысвоенае С.&bnsp;Ніязаву афіцыйна пастановай Мэджліса.

Яму нададзеная навуковая ступень доктара палітэхнічных і эканамічных навук, званьне акадэміка Акадэміі навук Туркмэністану. Ніязаў ушанаваны ганаровымі званьнямі шэрагу замежных акадэмій ды ўнівэрсытэтаў за распрацоўку канцэпцыі дзяржаўнай незалежнасьці.

Туркмэнбашы – першы ўладальнік найвышэйшай узнагароды сваёй дзяржавы – званьня Герой Туркмэністану й залатога мэдаля «Алтын Ай» («Залаты месяц»). У 1995 годзе «за выбітны ўнёсак у рэалізацыю ідэі пра заўсёдны сувэрэнітэт Туркмэністану» яму было паўторна прысвоена званьне Герой Туркмэністану й залаты мэдаль «Алтын Ай».

У 1994 годзе ён заснаваў рух нацыянальнага адраджэньня «Галкыныш». Апроч таго, С. Ніязаў быў старшынём дэмакратычнай партыі Туркмэністану.

Цікавіўся гісторый і культурай Усходу, філязофіяй, літаратурай.

21 сьнежня 2006 году стала вядома пра сьмерць С. Ніязава. У яго засталіся двое дзяцей і двое ўнукаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?