19 сьнежня арыштаваны Кастусь Лукашоў, брат палітыка Вячаслава Сіўчыка. Ён знаходзіцца на «Валадарцы» і яму інкрымінуюць 364 артыкул Крымінальнага статуту. Артыкул прадугледжае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

29 сакавіка арганізатар намётавага мястэчка Вячаслаў Сіўчык выехаў на машыне з 3-й клінічнай больніцы, дзе знаходзіўся пасьля арышту й зьбіцьця невядомымі супрацоўнікамі спэцслужбаў. За аўтамабілем на вачох сьведкаў доўга бег адзін невядомы. Паводле абвінавачаньня – гэта быў міліцыянт, а кіроўца Кастусь Лукашоў такім чынам «супраціўляўся міліцыі».

«Гэта палітычная справа, – кажа маці Кастуся Галіна Сіўчык, ледзьве стрымліваючы сьлёзы, – мала ім Вячаслава, цяпер і за Кастуся ўзяліся».

Кастусь Лукашоў – сын геахіміка Валянціна Лукашова, і сам геахімік. Ён плённа займаўся навукай, але ў 2004 годзе ад супольнасьці «Маладая Беларусь» (туды ўваходзілі й Севярынец, і Дашкевіч) балятаваўся ў парлямэнт і прайшоў усе прыступкі выбарчай калатнечы. Пасьля выбараў Лукашоў ізноў вярнуўся да навуковае дзейнасьці.

«Арышт Кастуся – гэта спроба запалохаць грамадзтва», – гаворыць Вячаслаў Сіўчык, і гэта не пустыя словы. Арышт ідэальна ўпісваецца ў кампанію ціску наконадні мясцовых выбараў: то ў Баранавічах актывісту апазыцыі падкінуць патроны, то кандыдатку з Гарадзеншчыны звольняць з працы.

Але ў гэным выпадку адрасат запалохваньня не зусім звычайны. Пад прыцэлам – палітычная інтэрнэт-супольнасьць, сталым удзельнікам якой быў Кастусь. На форумах tut.by/ крышталізавалася ідэя вылучыць свайго кандыдата ў Менгарвыканкам. Кандыдат быў вылучаны – і зарэгістраваны, дзякуючы, у значнай ступені, апантанай працы саміх фарумчанаў. Цяпер ужо і ў рэальным жыцьці.

Кастусь стаўся дарадцам кандыдата. Як абыходзіць кватэры, якія паперы запаўняць, што казаць у спрэчках – досьвед мінулай кампаніі быў грунтоўна падсумаваны і ўзбагаціўся новымі распрацоўкамі.

«Кастусь выступаў за зьмены – з выкарыстаньнем існых законаў, ён прааналізаваў, як і што трэба рабіць», – кажа фарумчанка Вольга. «Сыстэма сыстэмай, – гаварыў Кастусь, – але на месцах працуюць жывыя людзі».

«Хаця б нешта зрабіць на лякальным узроўні», – дадае кандыдат. Ён наўмысна балятуецца не ад партый і не афішуе свайго інтэрнэт-паходжаньня.

Першае абвінавачаньне – наезд на міліцыянта – было замененае на "непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі", што прадугледжвае большы тэрмін зьняволеньня.

«Але мы ўсё роўна будзем працаваць», – гаворыць Вольга. Фарумчане ўжо наведалі маці Кастуся Галіну Сіўчык і зьбіраюцца дапамагаць Кастусю.

«Яго абвінавачваюць, што хаваўся ад сьледзтва, – абураецца Галіна Сіўчык, – Кастусь хадзіў на працу, мы аніякіх пазоваў не атрымалі!» «Як ён мог хавацца, – удакладняе Вольга, – калі даваў інтэрвію нават “Советской Белоруссии”?!»

Крымінальная справа «супала» з 65-годзьдзем Галіны Сіўчык. Раней яна перажывала за аднаго сына, цяпер у яе двайны боль.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?