Сустракаючыся з рэктарамі, Аляксандар Лукашэнка між словам заявіў: ненармальная сытуацыя, калі ў асобных гімназіях практыкуюць адзін урок беларускай мовы ў тыдзень і шэсьць урокаў ангельскай. «Ангельскую мову трэба ведаць, але трэба ведаць і сваю родную мову», – дадаў ён.

Ён забыўся сказаць, што «адзін урок беларускай мовы» – вынік мэтаскіраванай палітыкі, якая праводзілася дванаццаць гадоў. Былі адмененыя адно за адным усе правы мовы. Найлепшым беларускамоўным музыкам забаронена выступаць, імёны найлепшых беларускамоўных пісьменьнікаў забаронена ўзгадваць на ТВ. «Сэнатар» называе ўблюдкамі школьнікаў, якія наважыліся ўзьняць голас у абарону выкладаньня гісторыі Беларусі па-беларуску, і застаецца пры гэтым давераным сябром прэзыдэнта. Забараніўшы незалежнае радыё і ТВ на беларускай мове, ідэолягі стаяць зь пятлёю каля апошніх газэтаў і часопісаў. У лукашэнкаўскай Беларусі зачынена болей беларускамоўных СМІ, чым за ўсю папярэднюю гісторыю краіны, з царскімі і санацыйнымі часамі ўключна! Пра такую «драбязу», як спыненьне дубляжу мультфільмаў на мове, у гэтым пераліку і ўспамінаць сорамна. Мультыкі перакладае толькі клятая-пераклятая «апазыцыя». І пасьля гэтага шукаць вінаватых у тым, што дзеці не разумеюць маўленьня і чытаць па-беларуску ня ўмеюць?..

Беларуская мова тады стане роўнаю між роўных, калі на ёй стануць гаварыць прэзыдэнт і міністры. Пакуль жа беларускамоўных забаронена прымаць на дзяржаўную службу, пакуль у краіне падтрымоўваецца культурны апартэід, такія заявы выклікаюць толькі крывую ўсьмешку.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?