«Прывітанне, мая зайка!» – было першым, што я пачула ад акцёра і музыканта Віктара Шалкевіча, калі патэлефанавала, каб дамовіцца на інтэрв’ю. Ашаломленая, я доўга і блытана спрабавала патлумачыць, што ён памыліўся і ніякая я не «зайка», а карэспандэнт газеты «Салідарнасць», пакуль нарэшце не зразумела, што для майго суразмоўцы гэта па сутнасці не мае ніякага значэння.

Вось так я папоўніла рады «заек» Віктара Шалкевіча. І што цікава, на якую б тэму мы падчас нашай сустрэчы ні гаварылі – пра захапленні, працу ці пра секс, – размова неяк плаўна і незаўважна сыходзіла на гутарку пра лепшую палову чалавецтва. І хоць яшчэ напярэдадні Шалкевіч мне заявіў: «У гэтым пытанні я тэарэтык», – адчувалася, што практычных заняткаў ён не цураецца.

Пра працу

Наўрад ці знойдзецца яшчэ адзін такі чалавек, які быў бы адразу і паэтам, і музыкантам, і спеваком, і акцёрам, і шоумэнам і нават аукцыяністам. Вершы на беларускай і польскай мове Шалкевіч піша са школьных часоў. Са сваімі сольнымі канцэртамі бард сёння гастралюе па Беларусі і далёка за яе межамі – у Францыі, Чэхіі, Германіі, Польшчы, Літве. Дарэчы, на апошні канцэрт у Мінску, які адбыўся ў сярэдзіне кастрычніка, білеты немагчыма было набыць ужо за тыдзень.

Тым не менш па адукацыі Шалкевіч акцёр. Ён і зараз працуе ў Гродзенскім абласным тэатры лялек. Паралельна вядзе аукцыёны. Людзі кажуць, што гэтае відовішча вартае таго, каб на яго проста прыйсці паглядзець.

А вось малавядомая старонка працоўнай дзейнасці Шалкевіча – гэта яго выкладанне ў культпрасветвучылішчы на акцёрскім і рэжысёрскім аддзяленнях. Праўда, было гэта даўно, і цягнулася ўсяго некалькі год.

– Цікавы быў час, – з настальгіяй узгадвае Шалкевіч і тут жа дадае: – Калі б зараз прапанавалі педагагічную работу, не пайшоў бы нават за мільён долараў.

– Чаму?

– Наш настаўнік у тэатральна‑мастацкім інстытуце заўсёды любіў казаць: «Я ж вам не жарабец, каб усіх апладняць». Тое ж было і ў мяне, – адазваўся Шалкевіч і патлумачыў: – Гэта ў тым сэнсе, што часта студэнты прыходзяць не гатовыя да рэпетыцыі, сонныя: у аднаго тое, у другога тое... А педагогу ж патрэбна, каб нешта атрымалася.

(А я ўжо падумала!). А Віктар працягвае свае разважанні:

– Ды і хто ідзе ў культпрасветвучылішча? Гэта тыя, хто не паступіў у тэатральнае альбо не маюць вялікіх амбіцый. А табе ж хочацца, каб яны жылі сцэнай! Канешне, цяжкавата было. Самі падумайце, што можна зрабіць і якую п’есу паставіць, калі на курсе ў цябе 13 дзевак і два хлопцы?

Я пацікавілася ў Шалкевіча, як жа складваліся адносіны з ягонымі выхаванкамі?

– Што вы! Гэта ж педагог і вучаніца, – тут жа схамянуўся ён. – Ну ясна, што гэта дзеўка, але перш за ўсё мы бачым у ёй каго? Правільна – ву‑ча‑ні‑ка! І ніякага парушэння субардынацыі!

Шчыра кажучы, калі я пыталася пра адносіны, я не зусім гэта мела на ўвазе, але, відаць, маё нявіннае пытанне задзела за жывое.

– Шмат нерваў я патраціў на гэтых дзяўчат, – паспрабаваў апраўдацца Шалкевіч і, здаецца, зноў прагаварыўся: – Тым не менш я ўсіх іх люблю і мы да гэтага часу падтрымліваем вельмі цёплыя адносіны.

Пра дзяцінства

Гісторыя нараджэння Шалкевіча стала ўжо ледзь не сямейным паданнем. Маці Віктара так і не паспела даехаць да роддома, што быў у былым панскім маёнтку Багудзенкі, і нарадзіла прама ў санях. Вось так, у дарозе, зімой 9 лютага 1950 года, хлопчык і з’явіўся на свет.

– З той пары ў мяне і жыццё такое – увесь час у дарозе – смяецца Шалкевіч.

У школе Віктар вучыўся нядрэнна. Кажа, у пачатковых класах быў нават выдатнікам, у яго і сёння захаваліся кніжкі, якімі ўзнагароджвалі «за отличную учебу и примерное поведение». А вось у старэйшых класах стала зразумела, што вядомага матэматыка або фізіка з яго дакладна не атрымаецца. На шчасце, на адзнаках гэта не адбілася: Віктар рупліва спісваў гэтыя прадметы ў свайго сябра, за што потым правяраў таму сачыненні па рускай і беларускай літаратуры – вось такі бартэр.

Яшчэ ў пачатковых класах Шалкевіч вырашыў, што стане артыстам. Праўда, спярша заяўляў, што хоча быць клоўнам, але потым перагледзеў свае прыхільнасці:

– Увесь час я па самадзейнасцях розных цёгаўся, усялякіх гараднічых Гогаля іграў ды гэтага... Як яго? А, Паўліка Марозава...

Той час Шалкевіч увогуле успамінае з замілаваннем.

– Піянерскія кастры, камсамольскія значкі... Гэта цікавае пакаленне было – 50‑60‑х. Не так было ўжо ўсё ідэалагізавана. Народ пасля вайны пачаў нейкім чынам падымаць галаву.

Дарэчы, у камсамольца Шалкевіча нават першае каханне жыло на вуліцы Сацыялістычнай.

– Яе звалі Аня, – успамінае акцёр. – Гэта было тыповае першае каханне з 8 да 10 класа. З усімі атрыбутамі: са стаяннем пад вакном, з чаканнем пад школаю, з пацалункамі пад клёнам. Шкадую тых, хто гэтага не перажыў.

Тым не менш самы гераічны ўчынак у сваім жыцці, Шалкевіч здзейсніў зусім для іншай дзяўчыны.

– Я вельмі баюся хадзіць на могілкі, – прызнаецца ён. – Дык вось адна дзяўчына, цікавая такая – яна прыязджала з Польшчы да нашай прыяцелькі – аднойчы ноччу завалакла мяне на могілкі.

Што можна рабіць ноччу з дзяўчынай на могілках, пытанне, канешне, цікавае. Сам жа Шалкевіч расказвае, што ўвесь гэты час ён слухаў лекцыю пра тое, што Бога няма і што мерцвякі з магілы не ўстаюць.

– Разумееце, як мне было страшна?! – шукаючы спачування, кажа Віктар. – Я сядзеў на гэтай магіле і адчуваў, што мяне зараз хтосьці схопіць ззаду.

Шалкевіч і зараз баіцца хадзіць на могілкі – для прагулак з дзяўчатамі ён ведае і лепшыя месцы.

Армія прайшла для Шалкевіча незаўважна. Служыў ён паўтара гады, бо меў вышэйшую адукацыю.

– Ды якая гэта была армія, – адмахваецца ён. – Нават не магу сказаць, што служыў. Шэсць месяцаў я фактычна проста так бадзяўся. Тады пад Полацкам здымалі нейкае ваеннае кіно, і, каб сэканоміць грошы, «Беларусьфільм» выпісаў усіх акцёраў, якія ў той момант служылі ў радах Савецкай арміі. Фільм называўся «Зоркі над палігонам», сюжэт нават не памятаю. Вось так і дурыліся. Потым два месяцы адслужыў у спортроце – туды мяне забраў прыяцель – рэжысёр філармоніі. Ён рабіў нейкае масавае свята, а я быў яму патрэбны як акцёр.

Астатні ж час Шалкевіч правёў на КПП – ён быў там камандзірам аддзялення. Кажа, што столькі кніг, колькі седзячы ўначы на КПП, за ўсё жыццё не прачытаў. Пра напісаныя вершы ўжо і казаць не варта.

Пра захапленні

Шалкевіч прызнаецца, што захапляецца літаральна ўсім, «пачынаючы ад прыгожых кабет і заканчваючы ўсім астатнім». Нават са сваёй будучай жонкай ён пазнаёміўся, дзякуючы аднаму са сваіх захапленняў.

Канешне, не заўважыць такога хлопца і так было цяжка – студэнт тэатральнага інстытута, спевы пад гітару ў кастра. Рамантыка! А тут яшчэ і зоркі.

– Я вельмі добра ведаю зорнае неба, – тлумачыць Шалкевіч. – Запраста магу сказаць, дзе што знаходзіцца. Ведаеце, як гэта рамантычна, стоячы пад зоркамі, паказваць дзеўкам: «Вось гэта Арыён, гэта Альтаір»?

Праўда, Шалкевіч сцвярджае, што вывучыў неба не для таго, каб дзяўчат завабліваць:

– Я з дзяцінства пачаў туды ўглядацца. Нават пабудаваў сабе тэлескоп. Сам. Неяк знайшоў у бібліятэцы кнігу, дзе расказвалася, як яго зрабіць. Спецыяльна ездзіў у Ваўкавыск, у оптыцы купляў павелічальныя шкельцы. Прымацаваў да трубак – мая сястра працавала ў магазіне тканяў і ў яе былі трубкі, на якія накручваліся ткані, – атрымаўся сапраўдны тэлескоп.

Шалкевіч мне яшчэ доўга нешта расказваў пра зоркі. І хоць за вакном свяціла сонейка – рамантыка, скажу я вам!

– Гэта вельмі цікава, – запэўніваў ён мяне. – Можна без канца ляжаць і ўглядацца ў зорнае неба.

Чаму менавіта «ляжаць», я пасаромелася запытацца.

Зараз свайго тэлескопа ў Шалкевіча няма – нядаўна хацеў купіць у Польшчы, але яго адгаварылі.

Пра сэкс

Некалі, размаўляючы пра беларускі секс‑сімвал з Аляксандрам Мілінкевічам, мне давялося пачуць ад яго прозвішча Шалкевіча. Калі расказала пра гэта музыканту, ён вельмі здзівіўся.

– Ну наконт секс‑сімвала – гэта ён , канешне... Ну дзякуй. Калі Саша так сказаў, значыць... (прыклаўшы руку да галавы) Постараюсь оправдать высокое даверие!

Я спытала, і як жа ён гэта збіраецца рабіць? Музыкант задумаўся.

– Самае небяспечнае – гэта калі чалавек жыве са званнем. Напрыклад, са званнем народнага артыста Рэспублікі Беларусь. Ён павінен адпавядаць гэтаму званню, з важным выглядам хадзіць па вуліцах, быць цвярозым у грамадскіх месцах..., – і нарэшце не вытрымаў: – Вы ўжо хочаце адразу дазнацца пра эратычную таямніцу майго жыцця! А што, як мая жонка прачытае, што яна скажа?

У той момант, як я ўжо пракручвала варыянты загалоўка: «Шалкевіч мае ад жонкі эратычную тайну», мой субяседнік вырашыў усё ж раставіць кропкі на «і»:

– Я лічу, што ўвага да кабеты павінна ў мужчыны быць заўсёды. Мяне так бацькі выхавалі. Менавіта вы, кабеты, натхняеце нас на розныя справы – на напісанне вершаў, будаванне дамоў... Гэта адзіная рэальная сіла, якая рухае свет. Тым не менш я не скажу, каб я быў нейкім такім разводнікам. Жыццё мне падказвае, што нармальныя мужыкі свабоднымі не бываюць. І гэта лагічна. У чалавека нешта такое стабільнае павінна быць. А калі няма, то трэба да гэтага імкнуцца, прынамсі, хаця б шукаць.

Каб зусім не спужаць акцёра сваімі правакацыйнымі пытаннямі, я вырашла крыху адысці ўбок і даведацца ў Шалкавіча, ці лічыць ён беларусаў сексуальнай нацыяй?

– Гэта як паглядзець. Калі а дванаццатай да першай ночы пройдзешся па «стометроўцы» ад плошчы Перамогі да цырка і ўбачыш там лепшых прадстаўніц нацыі, якія спрабуюць зарабіць, то..., – я не стала пытацца, што робіць Шалкевіч у гэты час на «стометроўцы», а ён працягваў: – Не, напэўна, не. У нас імкнуцца быць прыгожымі ў большасці сваёй толькі маладыя дзеўкі. І тое, калі дзяўчына заўважае, што ў яе ўсё добра, пачынаючы ад ног і канчаючы тварам, то пра іншае ўжо не думае. А ў маладосці ёсць адна загана – яна вельмі хутка мінае. І з чым чалавек застаецца потым? Трэба крышку імкнуцца мэбляваць і верхнія паверхі, я маю на ўвазе галаву. Што ж да жанчын, дык, заціснутыя п’яным мужам, бульбай кожны дзень на снеданне, абед і вячэру, быць прыгожымі не ва ўсіх хапае часу і магчымасцяў. Карацей кажучы, нацыя наша толькі ў працэсе фарміравання. У нас яшчэ не было нават першага сексуальнага трылера на беларускім тэлебачанні.

На маю заўвагай, што з сексуальнымі трылерамі там, здаецца, і так перабор, Шалкевіч адазваўся:

– У нас увесь час размова ідзе толькі пра нейкія педафільскія скандалы, а сексуальных трылераў няма. Хаця варта было б зняць што‑небудзь, скажам, пра адносіны даяркі са старшынёй калгаса. Класны б фільм атрымаўся!

Пра палітыку

Вось так незаўважна мы і перайшлі на тэму палітыкі. Я запытала ў музыканта, чаму сярод ягоных сяброў так многа апазіцыйных палітычных дзеячаў.

– Ды я не вінаваты, што яны сталі апазіцыянерамі, – разводзіць рукамі Шалкевіч. – Я ўвогуле спачуваю тым людзям, што знаходзяцца ў палітыцы. Напрыклад, у мастацтве ты, што думаеш, тое і гаворыш, а ў палітыцы ты можаш думаць адно, а выказваць думку групы людзей, якія стаяць за табой (на мой погляд, Шалкевічу яшчэ пашанцавала з палітыкамі – аўт.). У адрозненне ад іх, у творцы не бывае добрых або дрэнных часоў. Ён піша ці малюе не зважаючы, якая сітуацыя навокал.

Пра тое, чаму ж так дрэнна быць у палітыцы, Шалкевіч разважае з чыста утылітарных пазіцый.

– Там часта бывае, што ўсе твае намаганні не прыносяць жаданага эфекту, не прыносяць карысці. Людзі часам працуюць пяць, дзесяць, пятнаццаць год упустую. І становіцца толькі горш і горш, прынамсі, для іх. Палітыка – гэта як рыбалка: закінуў вуду і сядзі чакай, пакуль клюне. А я вось ведаю, што нават мая з вам размова і то ўжо мае нейкі эфект (гэта дакладна! – аўт.). А тым больш, калі перад табой сядзяць слухачы, калі яны выказваюць свае пачуцці пры дапамозе далоняў. Ад гэтага ты проста ўзлятаеш, хочацца зрабіць яшчэ больш.

Шалкевіч кажа, што хоць і мае сваю грамадскую пазіцыю, але ніколі не залежаў ні ад якіх палітычных сіл.

– Самае горшае, мне здаецца, гэта быць нейкім партыйным бардам. Быць выхаваным пры чужым кілішку гарэлкі, на чужым кавалку хлеба. Творца павінен быць незалежным. Мне, напрыклад, хочацца пражыць сваё жыццё так, як я яго хачу пражыць, не зважаючы на тое, якое надвор’е на двары.

Кажа, што пакуль атрымліваецца.

Пра папулярнасць

Папулярным чалавекам музыкант сябе не лічыць. Канешне, спачатку, як і ўсе, марыў прабіцца на тэлебачанне, хацелася, каб пазнавалі на вуліцы.

– Потым зразумеў, што мне гэта не цікава. Адна папулярнасць, калі цябе любяць і ведаюць, другая – калі ў цябе тыкаюць пальцам, маўляў, глядзіце, хто пайшоў. Мне падабаецца, што мяне ведаюць людзі, але не ўсе. Прычым ведаюць, як мне здаецца, прадстаўнікі разумнейшай часткі насельніцтва, інтэлігенцыя. Канешне, прыемна дазнавацца, што некаторыя бацькі выхавалі сваіх дзяцей на маіх касетах, на маіх дысках. Прыемна, што некаторыя водзяць сваіх малых пяты ці шосты раз у тэатр спецыяльна на мяне. Але няма такой шалёнай, дэбільнай папулярнасці. І гэта вельмі добра.

– А ведаеце, колькі дзевак маладых прыходзіла б на канцэрты? – не вытрымала я.

– Дык яны і так ідуць. Якая розніца, калі ты не справішся са ста дзеўкамі альбо з тысячай. Усё роўна не справішся.

– А што, не спраўляецеся? – не паверыла я.

– Гэта ўжо мая асабістая справа, – хітра ўсміхнуўся Шалкевіч.

Ён расказаў мне, як пасля апошняга канцэрта ў Мінску ягоны прыяцель, які прыехаў з Масквы, здзіўляўся: «Колькі да цябе, Віця, на канцэрт прыгожых кабет прыйшло!» Ну што тут скажаш, ведае Шалкевіч, як завабіць да сябе жанчын.

Тым не менш прадстаўніцам беларускай сталіцы прыйдзецца крыху сцішыць свой імпэт – у Мінск музыкант пакуль перабірацца не плануе. Кажа, што яму добра і ў ягоным родным Гродне.

– Ён выдатна размешчаны – ад яго што да Варшавы, што да Мінска, што да Вільні практычна адна адлегласць. Гэта вельмі зручна. Але самае галоўнае гэта не горад, а людзі, якія навокал цябе. Горад без людзей – гурба камянёў і больш нічога. Можа быць вельмі прыгожы горад, а сволач у ім жыць. А я лічу, варта гэтае жыццё пражыць у адпаведнай кампаніі.

Пра музыку

Наколькі я зразумела з нашай размовы, папсу Шалкевіч не надта паважае. Што ж тычыць беларускай поп‑музыкі, то музыкант лічыць, што яе ўвогуле няма.

– Калі наш артыст паедзе кудысьці ў Смаргонь і на яго прадасца 18 білетаў – гэта ўжо будзе вялікая перамога беларускай папсы. Для мяне гэта паралельны свет, на які я не звяртаю ўвагі. Я не слухаю радыё, не гляджу тэлевізар. Не тое што прынцыпова, проста я не люблю, калі мяне дураць. Я і сваім сябрам часта кажу: «Гэта ж трэба купіць такую дарагую машыну і слухаць такую дрэнь, такую танную музыку». Зразумела, што ў гэты час гучыць не Том Джонс і не Вівальдзі, а чарговы Сярожа з заваратам кішок.

Шалкевіч прызнаўся, што самае вялікае ўражанне на яго аказала англійская група Procol Harum. Ён расказаў, як аднойчы ў Варшаве давялося трапіць на іх гастролі. Прычым Шалкевіч змог не толькі ўзяць аўтограф ды сфатаграфавацца з самім Гэры Брукерам і Мэц’ю Фішарам, але нават выпіць з імі.

– Я сказаў іх ахоўнікам, што я з Беларусі, – успамінае Віктар. – Тыя толькі сказалі: «О!» і адразу ж прапусцілі.

Дарэчы, у той жа дзень у Варшаве выступала і любімая група Віктаравай дачкі – Ніm. І зноў беларуская прапіска дапамагла музыканту.

– Калі мая Марта хацела зняць нейкі плакат з Віле Валу, да нас падышоў ахоўнік і сказаў, што гэта караецца. А я яму ў адказ: «Слухайце, людзі, я прыехаў з Беларусі». Ён аж праслязіўся і кажа другому ахоўніку: «Дай ім два!»

Пра існаванне многіх сучасных гуртоў Шалкевіч часта даведваецца ад сваёй дачкі.

– Час ад часу яна пасмейваецца над маімі музычнымі густамі. Кажа: «Баця, што ты слухаеш! Гэта маральна састарэлая музыка!» А я слухаю розную музыку, лічу, што важна ведаць жыццё ва ўсіх падрабязнасцях. А колькі мы не ведаем яшчэ!.. Мы ўсё думаем, што лес – гэта толькі сосны ды елкі, але лес – гэта яшчэ і бярозкі, і кусты, з гэтага складаецца лес. Калі я адкрываю для себе нешта новае, я вельмі радуюся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?