Прыцягненьне ўвагі да добрае справы шляхам ангажаваньня найбуйнейшых рок-зорак ужо даўно не новаўвядзеньне ў сьвеце.

Тым больш калі добраахвотна дапамагчы бяруцца не абы-якія фундатары з адной з найбольш уплывовых прамоўтарскіх кампаніяў Усходняй Эўропы. Зазвычай, сабраныя грошы незваротна ахвяруюцца каму-небудзь, хто сапраўды мае ў іх пільную патрэбу, і агулам гэта павялічвае лік адначасова і дабрадзеяў, і тых, хто дачакаўся ўздапаможаньня. Гэтым разам добраю справаю прынагодна сталася інфармаваньне грамадзтва адносна сытуацыі зь вірусам імуннага дэфіцыту, а адрасатам атрыманьня грашовых сродкаў – санкт-пецярбуржская Гарадзкая інфэкцыйная лякарня імя С.П. Боткіна, што спэцыялізуецца на прафілактыцы, дыягностыцы й лекаваньні ВİЧ/СНİДу. Пад гэткім антуражам на Сусьветны дзень барацьбы са СНİДам і было зладжанае ўпершыню ў Расеі мерапрыемства ў выглядзе дабрачыннага канцэрту TimeOut/СтопСНİД з удзелам такіх гуртоў як «DDT», «Сплін», «Смысловые галлюцинации» ды «Океан Ельзи». Хоць і ня ўсё знутры выглядала гэтак жа бездакорна як звонку: напрыклад, абазнаныя ў сытуацыі людзі распавялі, што за гэтак званай «дабрачыннай дзейнасьцью» насамрэч хаваецца банальнае жаданьне кагось з арганізатараў радзей сустракацца з падаткаабкладнікамі – заканадаўствам прадугледжваюцца льготы на астатнюю дзейнасьць тым, хто займаецца дабрачыннасьцю. А як што тамтэйшая музычная агенцыя NCA ладзіць блізу 60-ці канцэртаў замежных і айчынных зорак на год, то сэнс у правядзеньні аднога – хай сабе й з загадзьдзя абмежаваным прыбыткам – з гучнай назваю АнтыСНİДаўскі Фэст праглядаецца даволі неблагі. İ да таго ж дадатковая рэкляма… Але сама ідэя, безумоўна, заслугоўвае павагі, як і маштабы падзеі дагэтуль ёсьць прадметам нашае памяркоўнае зайздрасьці.

Такім чынам, акрэдытаваныя двойчы – як журналісты газэты «Наша Ніва» і «як друзі групы Океан Ельзи» – беларусы, надзіва, аказаліся на мерапрыемтве адзінымі замежнікамі, – як што, вядома, ня ўлічваць выступоўцаў з таго ж «ОЕ», якіх у Расеі цяперака называюць «популярными отечественными исполнителями» (паводле афіцыйнага прэс-рэлізу падзеі). İ за два дні мы пасьпелі падачыняцца зь вялікаю колькасьцю людзей, тым ці іншым чынам заангажаваных у вышэйзгаданым мерапрыемстве, што дазволіла зрабіць колькі даволі спрэчных падсумаваньняў.

Ну па-першае, амаль усе ў сваіх прамовах і гутарках падкрэсьлівалі – і гэта натуральна – патрэбнасьць падзеяў такога кшталту, калі ўвага вялізнай аўдыторыі пераважна маладога веку скіроўваецца на злабадзённыя праблемы сёньняшняга грамадзтва. İ як людзі, здатныя нейкім чынам на гэта паўплываць, большасьць рок-музыкаў ахвотна бяруцца служыць сацыяльнаю рэклямаю для моладзі. «Даўно ўжо пара зразумець, што СНİДам мусяць займацца ня толькі ўрачы», – сказаў саліст гурта «DDT» Юры Шаўчук і заўважыў, што, на ягоную думку, гэта ня столькі праблема выпадковых полавых зносінаў, а найперш праблема наркотыкавае пасткі, у якую найчасьцей трапляюць маладзёны. «Прычым зьявішча нагэтулькі ймкліва распаўсюджваецца, што наркотыкі вельмі хутка стаюць трэцяй бядою Расеі», – дадаў Шаўчук. İ насампраўдзе, паводле статыстыкі ў Расеі самы вялікі працэнт ВİЧ інфікаваных ва ўсёй Эўропе – як сярод моладзі, так і сярод людзей старэйшага веку. Некаторыя незалежныя экспэрты падаюць зьвесткі пра 1,5 мільёны ВİЧ-станоўчых у Расеі, што складае блізу 2 адсоткаў дарослага насельніцтва краіны.

Лідар другога запрошанага калектыву з Украіны Сьвятаслаў Вакарчук досыць пераканаўча гаварыў пра патрэбу ставіцца да ВİЧ-інфіканавых больш талерантна й казаў, што гэта перадусім праблема самога соцыюму, які змушае людзей адчуваць сябе прыгнечанымі праз тое, што ў іх апынуўся вірус. «Калі ад чалавека адцурацца, у яго вельмі хутка зьявіцца варожасьць да ўсяго навакольнага, і толькі тады ён робіцца небясьпечным, бо на гэта яго штурхае само грамадзтва», – сказаў Вакарчук. А ў якасьці ідэялу саліст «Океану Ельзи» прывёў прыклад скандынаўскіх краінаў, дзе апроч таго што створаныя ўсякія праграмы дапамогі й спрыяньня інфікаваным ВİЧ, дык яшчэ й ім дадзеная магчымасьць удзельнічаць абсалютна ўва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці нароўні зь іншымі, і дзе аніяк не дапушчальным лічыцца ізаляваньне людзей зь ВİЧ як нейкую пагрозу.

Каб такое сталася магчымым, патрэбная, несумненна, вялізная работа па інфармаваньні насельніцтва адносна ўсіх аспэктаў без вынятку, што датычацца СНİДу. Менавіта гэта й было абрана асноўнаю мэтаю АнтыСНİДаўскага Фэсту. Аўтары праекту паабяцалі абавязковага працягу такіх імпрэзаў з пэрыядычнасьцю раз на год у розных гарадах і мясьцінах былога… ледзь не сказаў СНД, – выбачайце, – у межах цяперашняга СНД. Што праўда, адзін з арганізатараў падзеі (заўважу, акурат між арганізатарамі і йніцыятарамі тамака ёсьць вялікая розьніца), прэзыдэнт ці не найбуйнейшае расейскае канцэртовае агенцыі NCA Міхал Шурыгін на пытаньне, ці магчымы гэты пряцяг з разглядам і нашай краіны бяз хітрыкаў адказаў, што зараз прасьцей зладзіць канцэрт дзе-небудзь у Фінляндыі, чымсі ў Беларусі. А налета мерапрыемства – з канцэртам, буйной PR-кампаніяй ды ўсімі астатнімі атрыбутамі, – найхутчэй, пераедзе ў Кіеў. Зь дзейснае ініцыятывы пасла Добрай волі па справах моладзі ва Ўкраіне Сьвятаслава Вакарчука, які прапанаваў саму ідэю ды ўзяўся за вырашэньне арганізатарскіх пытаньняў са свайго боку. Пачуўшы ўсё гэта, міжволі зразумееш, што ў Беларусі такое, нажаль, пакуль і праўда немагчыма: і зусім не таму, што камусьці з нашых музыкаў бракуе імпэту ўзяцца за ажыцьцяўленьне справы такога кшталту… Адзін піцерскі знаёмца, які часьцяком наведвае Беларусь па пытаньнях бізнэсу, вырашыў патлумачыць справу іншым чынам і дазволіў сабе такі досьціп: маўляў, нашто вам гэткія акцыі, такое марнаваньне сродкаў? – выглядае ж бо, што ў вас і СНİДу таго няма, як у СССР калісьці не было сэксу… А другі санкт-пецярбуржац запэўніваў, што бачыў якісь сацыяльны ролік на азначаную тэму на… беларускім спадарожнікавым канале ў сябе дома! Што гэта за Космас-БТ такі, я так і не дазнаўся, – прычым расеец пастаянна падкрэсьліваў, што мова там незразумелая (значыць, беларуская…), – аж мяне ўзяла цікаўнасьць, бо такога нават пры дзьвюх спадарожнікавых талерках дома ня маю.

Ну ды гэта ўжо адыходжаньне… Між тым, як здараліся падчас нашага візыту й досыць недарэчныя штукі. Да прыкладу, не зважаючы на тэматычную афарбоўку імпрэзы, два з трох музыкантаў гурта «Смысловые галлюцинации», мусіць, вырашыўшы ня здраджваць назьве, на канцэрце й пасьля яго знаходзіліся пад уплывам пэўных псыхатропных рэчываў, у чым за кулісамі мог пераканацца кожны, – між тым як усяго некалькі гадзінаў таму на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай праблеме ВİЧ/СНİДу саліст калектыву Сяргей Бабунец ушчуваў айчынную тэлевізію менавіта за тое, што там так мала часу адводзіцца наркатычнай пошасьці.

Дый увогуле, назіраючы за некаторымі прадстаўнікамі расейскага рок-бамонду – як тых, што выступалі, гэтак і тых, што прысутнічалі ў якасьці запрошаных знакамітасьцяў, – ўражаньне склалася такое, што калі гэта й ёсьць славуты шоў-бізнэс, нараканьні на адсутнасьць якога так часта можна пачуць дома, дык я абедзьвюма рукамі за тое, каб ТАКОГА шоў-бізу тут не было ніколі. На тлумачэньне ўсіх прычынаў, бадай, спатрэбіцца цэлы артыкул. Так, музыкі, што гралі 1 сьнежня ў піцерскім Лядовым палацы (тамака такіх – палацаў, у сэньсе, таксама многа) хіба што аднойчы зрабілі тое, чым беларуская музычная эліта займаецца заўсёды – выступілі амаль забясплатна, але столькі калямузычных і калякультурных рэчаў нахабна кідаліся ў пільнае беларускае вока, што ажно брыдка часам рабілася. Але, мусібыць, беззаганнага не бывае нічога, – адно ня хочацца, каб нашыя рок- і ня толькі музыканты пераймалі штосьці з пабачанага намі ў паўночнай расейскай сталіцы. Шчыра…

Цікавіў беларусаў і выступ даўніх знаёмцаў – гурта «Сплін», які таямніча зьнік з айчыннага FM-этэру разам з шматлікімі беларускімі выканаўцамі – спачатку праз слынную забарону асабіста прэзыдэнтам Беларусі нашумелай песьні «Фэліні», а потым і за чатырохрадкоўе ў песьні з апошняга альбому:

    На Амстердама причудливый запах
    Мы из России двинем на Запад, –
    Прежде обдумаем всё хорошенько:
    В Белоруссии бесится злой Лукашенко…

Агулам, сплінчукоў не было ў Менску з 25 сакавіка 2003 году – калі яны, між іншым, адмыслова прыяжджалі так, каб іхны візыт прыпаў на не абы-якую дату ў беларускай гісторыі. У прыватнай размове клявішнік гурта Мікалай Растоўскі не без шкадаваньня заўважыў, што й зараз канцэртаў групы «Сплін» у Беларусі, нажаль, чакаць пакуль не выпадае. (А шкадаваць напраўду ёсьць пра што: калісьці ж бо ў беларускай сталіцы слаўна гулялі, і песьні гітовыя тут пісаліся – толькі пра гэта, шкода, мала хто ведае…). Праўда іх, канцэртаў, і ў родным Піцеры за апошні год было ўсяго адзін, але на тое была важкая прычына: пісаўся новы альбом, што выйдзе ў лютым і мецьме назву «Раздвоение личности». Таямніцы што да таго, ці будуць там новыя згадкі пра суседнюю краіну, музыка ня выдаў, адно паабяцаў даслаць партыю дыскаў у выпадку, калі жартуючы, у нашых дыскарнях іх перастануць прадаваць. «А як што ў вас штосьці зьменіцца, мы адразу з радасьцю прыедзем», – запэўніў музыка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?