Мясцовыя выбары бяз выбару: 97% акругаў безальтэрнатыўныя. Імітацыя альтэрнатыўнасьці працягваецца толькі ў вялікіх гарадах. Незалежнае грамадзтва перастала спадзявацца на выбары: лічба зарэгістраваных кандыдатаў ад апазыцыі ўтрая меншая, чым у 2003 годзе. Хаду кампаніі аналізуе Зьміцер Панкавец.

15 сьнежня ЦВК падвёў вынікі рэгістрацыі кандыдатаў ў дэпутаты мясцовых саветаў. У краіне на 22.658 выбарчых акругаў зарэгістраваны 23791 кандыдат. Такім чынам, конкурс на дэпутацкі мандат складае 1,05 кандыдата на месца, або 97% акругаў будуць безальтэрнатыўнымі (у шэрагу акругаў у вялікіх гарадах на адно месца прэтэндуюць тры‑чатыры кандыдаты).

Савецкая безальтэрнатыўнасьць вярнулася на выбары ў сельскія саветы. На 16.443 мандаты будзе прэтэндаваць 16.675 кандыдатаў.

Сьледам за іншымі савецкімі завядзёнкамі ў краіну вяртаецца герантакратыя. Толькі 7% зарэгістраваных кандытаў маладзейшыя за 30 гадоў.

З 245 зарэгістраваных ініцыятыўных групаў кандыдатаў ад ПКБ пасьля рэгістрацыю барацьбу працягваюць толькі 50 актывістаў партыі. На апошнім зьезьдзе ПКБ было прынятая рэкамэндацыя аб неўдзеле ў выбарах, таму большасьць камуністаў зьнялі свае кандыдатуры. Некаторыя пакінулі свае кандыдатуры «дзеля экспэрымэнту».

Каля ста трыццаці чалавек вылучаныя ад БНФ.

АГП змагло зарэгістраваць блізу 60 кандыдатаў.

Лічбы па БСДП «Г» пакуль да канца невядомыя.

У 2003 годзе дэмакратычная кааліцыя зарэгістравала каля тысячы сваіх кандыдатаў, зь іх дэпутатамі рознага ўзроўню сталі ста чалавек. Сёлета дасягнуць такога посьпеху будзе немагчыма.

Калі ўлічыць, што вялікую долю альтэрнатыўных звычайна адсейваюць на этапе кампаніі, іх застанецца яшчэ менш.

Ня выключана, што прадстаўнікі Дэмакратычных сілаў здымуць свае кандыдатуры перад выбарамі, як гэта ўжо зрабілі камуністы.

Ва ўмовах, калі выбарчыя камісіі складзеныя з прадстаўнікоў ідэалягічнай вэртыкалі, падлік галасоў ня мае сэнсу, мяркуюць яны, і выбары варта скарыстоўваць толькі для агітацыі.

Магілёўшчына: Чыгіра зарэзалі

«Па Магілёўшчыне агулам зарэгістравана каля 35 дэмакратычных кандыдатаў», ‑‑ расказвае журналіст Алесь Асіпцоў. Сярод найбольш характэрных «зарэзаных» прэтэндэнтаў папулярныя сярод людзей дэпутат бабруйскага гарсавету настаўнік Алесь Чыгір і лідэр маглёўскай філіі незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Аляксандар Сілкоў.

Сярод зарэгістраваных кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Рыгор Кастусёў, Уладзімер Шанцаў з АГП, прафсаюзны актывіст з Бабруйску Міхаіл Кавалькоў, Сяргей Стральцоў (АГП), былы дырэктар саўгасу «Дрыбінскі» Мікалай Юркоў.

Сярод гарадоў Магілёўшчыны, дзе дэмакратычных кандыдатаў рэгістравалі, ‑‑ Магілёў, Бабруйск, Горкі, Шклоў, Асіповічы, Дрыбін. Гэта красамоўны сьпіс. У гэтых гарадах улады лічаць, што нерэгістрацыя альтэрнатыўных кандыдатаў нявыгадная для рэпутацыі існуючага ладу. Выбарцы тут яшчэ не дасьпелі, каб прыняць безальтэрнатыўнасьць выбараў.

Гарадзеншчына: адмовілі Чырвоненку і Мальчыку

У Горадні ў рэгістрацыі адмовілі намесьніку старшыні суполкі АГП Уладзімеру Чырвоненку і кіраўніку гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ Сяргею Мальчыку. Затое рэгістрацыю атрымаў дэпутат Гарадзенскага гарсавету мінулага скліканьня прафсаюзу правадыр Сяргей Антусевіч.

Сярод іншых зарэгістраваных дэмакратаў ‑‑Андрэй Фралоў, Дзяніс Івашын, Валер Кісель.

Берасьцейшчына: безаальтэрнатыўныя Баранавічы

У Берасьцейскай вобласьці рэгістрацыю прайшлі каля 50 дэмакратаў. 32 чалавекі зарэгістравана ад БНФ, каля 13 ад БСДП «Г», па некалькі кандыдатаў прадстаўляюць АГП і ПКБ. Безь ніводнага дэмакратычнага кандыдата засталіся 170‑тысячныя Баранавічы, дзе пазыцыі нацыянальных і дэмакратычных сілаў асабліва моцныя.

«Напачатку на выбаы ішлі 8 чалавек ад апазыцыі, але з розных прычынаў усе былі зьнятыя, ‑ кажа журналіст баранавіцкай газэты Intex‑press Руслан Гарбачоў. – «Пэкэбоўцы» самі зьнялі свае кандыдатуры яшчэ да рэгістрацыі, іншым адмовілі з надуманых прычынаў, кшталту непададзенага ў дэклярацыю машыннага прычэпу ці нечага яшчэ. Усяго на 36 баранавіцкіх акругаў зарэгістраваныя 37 кандыдатаў. Выбары ў нашым горадзе будуць абсалютна безальтэрнатыўнымі. Сярод прэтэндэнтаў найболей настаўнікаў і мэдыкаў».

У іншых гарадах вобласьці адмоваў няшмат.

Толькі дэпутату маларыцкага райсавету Ўладзімеру Малею адмовілі ў рэгістрацыі дэпутатам у райсавет, але далі рэгістрацыю на больш складаныя выбары ў аблсавет, дзе вялікая акруга, якую пры абмежаваньнях выбарчага заканадаўства немагчыма ахапіць агітацыяй. Прайшлі рэгістрацыю Сьцяпан Навасельчан (АГП), прафэсар Іван Акінчыц (ПКБ), Юрась Губарэвіч (ПБНФ). Альтэрнатыўныя кандыдаты будуць на выбарах у Берасьці, Століне, Лунінцы, Пінску, Дарагічыне, Бярозе, Кобрыне, Маларыце, Івацэвічах.

У першым туры мінулых мясцовых выбараў у Белаазерску большасьць месцаў у гарсавеце ўзялі дэмакратычныя кандыдаты на чале з папулярным фронтаўцам Юрасём Губарэвічам. Цяпер гэта ня будзе магчыма, бо ў горадзе зарэгістраваныя толькі чатыры апазыцыянэры. Юрась Губарэвіч кажа: «У Белаазерску на кожнай акрузе будзе па два прэтэндэнты, таму цяжка сказаць, хто менавіта будзе кандыдатам уладам. Па адной акрузе ідуць, напрыклад, манцёр і сьлесар, ці намесьнікі дырэктароў розных прадпрыемстваў».

Віцебск зачышчаны

Безаальтэрнатыўнымі будуць выбары і ў Віцебску. Выбарчыя камісіі «зарэзалі» ў Віцебску кіраўніка віцебскага абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча Хрыстафора Жаляпава, бацьку палітвязьня Кастуся Севярынца, Аляксея Гаўруцікава (БСДП «Г»), Уладзіслава Токарава (ПБНФ). Старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў быў зарэгістраваны толькі на выбарах у аблсавет. Зачэпкай для нерэгістрацыі зьяўляюцца нібыта несапраўдныя подпісы. Даказаць праўду вельмі складана.

Хрыстафор Жаляпаў гаворыць, што будзе праз суд дамагацца сваёй рэгістрацыі. «Выбарчым камісіям дастаткова знайсьці пяць несапраўдных подпісаў, каб скасаваць рэгістрацыю. Трэба адзначыць таксама, што ніхто не паказвае, дзе менавіта былі дапушчаныя памылкі. Кажуць проста, што знайшлі столькі й столькі несапраўдных подпісаў».

Усяго па Віцебшчыне атрымалі рэгістрацыю 24 чалавекі з дэмакратычнай кааліцыі. Сярод іх настаўніца‑фронтаўка Лера Сом (Полацак), Яраслаў Берніковіч (Глыбокае), выгнаны з працы дырэктар школы Леанід Гаравы (Гарадок), Алесь Шутаў (Ворша), Ганна Леўчанкова (Барань), камуніст Мікалай Петрушэнка (Коханава).

Таксама незалежныя кандыдаты будуць у выбарчых сьпісах Наваполацку, Верхнядзьінску, Мёраў. У Паставах у рэгістрацыі адмовілі краязнаўцу Міхасю Гілю.

Гомельшчына: адзіны пазьняковец

Дэмакратычных кандыдатаў па Гомельшчыне было зарэгістравана ўсяго 26 чалавек. Гэта прадстаўнікі АГП – 16 чалавек, ПБНФ – 6, ПКБ – 3, КХП‑БНФ –1. Нягледзячы на тое, што партыя вырашыла байкатаваць мясцовыя выбары ў Гомелі быў зарэгістраваны прадстаўнік КХП‑БНФ Уладзімер Шыцікаў. Усяго шэсьць апазыцянэраў будуць прэтэндаваць на месца ў Гомельскі гарсавет. Не зарэгістравалі вядомых у сваім горадзе Ўладзімера Кацору, Галіну Скараход, Аляксандра Касьцючэнку.

Таксама дэмакраты будуць у сьпісах выбарцаў Жлобіна, Мазыра, Калінкавічаў, Буда‑Кашалёва, Добруша, Веткі. Часьцей у гэтых гарадох зарэгістравана па адным дэмакраце.

Менск: востраў кіраванае дэмакратыі

Толькі ў сталіцы ўлады палічылі патрэбным гуляць у дэмакратыю. У сталіцы на 55 акругаў зарэгістравалі 168 кандыдатаў, у тым ліку праваабаронцу Алега Воўчака, намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча, Алеся Стральцова з Грамады, старшыню АГП Анатоль Лябедзька. Рэгістрацыю не прайшоў генэрал Фралоў.

Аднак пры гэтым ні ў адну выбарчую камісію ня трапіў незалежны вылучэнец. Яны складаюцца цалкам з стаўленікаў ідэалягічнае вэрстыкалі. Таму падлік галасоў будуць ажыцьцяўляць, фактычна, прадстаўнікі пэўных кандыдатаў.

Меншчына: Салаш зьняўся

На Меншчыне зарэгістравана каля трох дзясяткаў незалежных кандыдатаў у дэпутаты. Дэмакраты ідуць у Вузьдзе, Слуцку, Пухавічах, Жодзіне, Барысаве. Прада, самы яркі лідэр апазыцыі з Барысава Сяргей Салаш і яшчэ тры апазыцыйныя актывісты адмовіліся ад рэгістрацыі, пратэстуючы супраць грубага парушэньня выбарчага заканадаўства.

У Салігорску мясцовыя выбарчыя камісіі адмовілі з надуманых прычынаў у рэгістрацыі амаль усім дэмакратам. Незарэгістраваныя Павал Батуеў, Аляксей Валабуеў.

У Вялейцы бар’ер рэгістрацыі пераадолелі шасьцёра актывістаў.

Фота photo.bymedia.net

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?