28–29 мая ў спарткомплексе «Стайкі» ў Мінскім раёне пройдзе форум ананімных алкаголікаў «Майскія сустрэчы», паведаміў выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў» Анатоль Астапенка 23 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, форум з’яўляецца традыцыйным штогадовым сходам ананімных алкаголікаў — «садружнасці, якая дапамагае хворым на алкагалізм кінуць піць і пачаць жыць цвяроза». Форум арганізуецца для абмену вопытам, прыцягнення ў садружнасць новых членаў. Як правіла, ён збірае прыкладна 500–600 чалавек, якія ўстрымліваюцца ад ужывання алкаголю, некаторыя з іх — 15–20 гадоў, адзначыў Астапенка.

Паводле яго слоў, традыцыйна на форуме арганізуецца знаёмства з праграмай дванаццаці крокаў, на якой заснавана работа ананімных алкаголікаў. У праграме форуму — сход для ахвотных кінуць піць, закрытыя сходы ананімных алкаголікаў і іх інтэрнэт-групы «Весвало», а таксама аглядная экскурсія па Мінску, вечар адпачынку, дыскатэка.

Як сказаў Астапенка, садружнасць ананімных алкаголікаў была заснавана ў ЗША ў 1935 годзе. У свеце яна налічвае каля трох мільёнаў чалавек. У Беларусі садружнасць пачала працаваць у 1990 годзе. У краіне дзейнічаюць 66 ананімных груп падтрымкі, з іх 15 груп — у Мінску. Адначасова кожную групу наведваюць у сярэднім 10–15 чалавек. За час працы ў Беларусі садружнасць дапамагла заставацца цвярозымі некалькім тысячам чалавек, паведаміў Астапенка.

Аднак, на яго думку, у Беларусі садружнасць ананімных алкаголікаў мала развіта. Для параўнання: у суседняй Польшчы працуюць каля 2 тыс. груп ананімных алкаголікаў, яны атрымліваюць 5% ад акцызаў на алкаголь. Астапенка лічыць, што і ў Беларусі работа садружнасці павінна быць падтрымана на дзяржаўным узроўні.

Разам з тым, Астапенка падкрэсліў, што адзіная ўмова для членства ў садружнасці ананімных алкаголікаў — жаданне кінуць піць. Удзельнікі супольнасці не плацяць ні ўступных, ні членскіх узносаў. Арганізацыя існуе дзякуючы добраахвотным ахвяраванням. Усе зацікаўленыя далучыцца да ананімных груп падтрымкі могуць атрымаць неабходную інфармацыю на сайце www.aabelarus.org або па тэлефоне 8-029-276-83-17.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?