Маласіценскі сельскі савет стаіць на ўскрайку могілак. З вокнаў відаць хіба што зарослыя стогадовымі хвоямі ўзгор’і, дзе ляглі ў зямлю пакаленьні вяскоўцаў. Насупраць уваходу — стандартны савецкі абэліск над брацкім пахаваньнем часоў другое сусьветнай вайны. Раней там стаяла царква, разабраная на бліндажы ў 1943-м.

Цяпер жа вакол галоўнага на бліжэйшыя тысячу квадратных кілямэтраў дому — магільная ціша. Цагляныя сьцены з арнамэнтам па пэрымэтры, музэйнага выгляду чырвоныя шыльды, а наверсе, як, памятаю, жартаваў у пачатку 1980-х бацька, самотна матляецца загадка: «зімой і летам адным цьветам (гэта сьцяг над сельсаветам)».

Адчуваньне пакінутасьці ўзмацняе і тое, што ў вокнах амаль ніколі няма сьвятла. Нехта зь сельскага выканкаму забяжыць удзень, старшыня пасядзіць гадзінку-другую… Наведнікі заходзяць вельмі рэдка - няма сэнсу. Паказальны фурор, які зрабіла нядаўняя поўная, ва ўсе восем вокнаў, вечаровая ілюмінацыя сельсавету. Рэакцыя сіценцаў была такой, быццам у цэнтры вёскі раптам адкрыўся «Дыснэйлэнд». «Што за сьвята?!» — «Ды выбары ж хутка, сядзяць, нешта хімічаць» — «А-а-а… выбары…»

У гэтым месцы гутарка звычайна абрываецца, і вяскоўцы губляюць усякую ахвоту яе працягваць. А ці можа быць інакш, калі кандыдатаў у той сельсавет тут ніколі не вылучалі, альтэрнатыўнага галасаваньня ніколі не было. А на апошніх «выбарах» дзясяткі сіценцаў, што пазначылі ў бюлетэнях Мілінкевіча, хадзілі й перапытвалі: а дзе нашыя галасы? Калі ад любое патрэбы вяскоўцаў сельсавет адхрышчваецца — «няма грошай»? Калі першым і адзіным абаронцам сельсавету ў вёсцы аказалася старшыня гэтага самага сельсавету?..

«Ага, купілі ў савет машыну. Дык толькі старшыня на ёй па сваіх справах езьдзіць». «А колькі ў іх, сельсавецкага начальства, дома кампутараў ды бытавой тэхнікі, бачыў?!» «Максімкі» або брагі — на кожным рагу, сьпіваецца вёска!» «Ліхтароў па вёсцы няма, памыйкі паўсюль, ніхто не штрафуе!» «Агульныя студні нячышчаныя стаяць, а грошы на гэта зьбіралі!»

Вяскоўцы ня ведаюць, што, паводле Закону аб мясцовым самакіраваньні, сельсавет:

— распараджаецца землямі, нетрамі, водамі, лясамі, паляўнічымі й рыбалоўнымі ўгодзьдзямі, а таксама камунальнай уласнасьцю адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі;

— атрымлівае ўвесь падаходны падатак, які сплачваюць на ягонай тэрыторыі фізычныя асобы;

— уводзіць мясцовыя падаткі, зборы й мыты, зьбірае штрафы;

— стварае пазабюджэтныя, рэзэрвовыя й валютныя фонды;

— разьмяркоўвае, паводле ўласнага разуменьня, рэшту, якая застаецца пасьля выкананьня бюджэту…

Вядома, у большасьці выпадкаў на ажыцьцяўленьне ўсіх гэтых паўнамоцтваў сельсавет мусіць атрымаць «дабро» з раёну. Але нават і пры гэтай вэртыкальна-каманднай сыстэме здольны гаспадар, як павялося з савецкіх часоў, «выбівае» з райвыканкаму ўсё, што трэба.

Аднаго падаходнага падатку з рабочых леспрамгасу штомесяц атрымліваецца 2–2,55 тысячы даляраў! А яшчэ ж на тэрыторыі сельсавету некалькі лясьніцтваў. Чыгунка. Крамы. Пошта…

І дзе грошы, як той казаў?!

Сярод двух дзясяткаў вяскоўцаў, апытаных перад кампаніяй «мясцовых выбараў», жаданьне адкрыта выступіць супраць «максімкі», разьбітых дарогаў, паўсюдных сьметнікаў і гідры карупцыі выказалі сямёра.

Загадчыца гаспадаркі вясковага дзіцячага садка адмовілася пасьля гутаркі са сваячкай, у якой у 30-х гадох ХХ ст. рэпрэсавалі бацьку. Фэрмэр з бліжэйшага хутару думаў тры тыдні, урэшце спаслаўся на ўзрост і сказаў «пас». Былы «аўганец», калі дайшло да афармленьня дакумэнтаў, ня змог знайсьці ўласнага пашпарту.

Але тыя, хто дайшоў да рэгістрацыі, паводзінамі сельсавету былі шакаваныя. Кандыдатаў ад народу ў выбарчай камісіі сустрэлі… ухвальнымі вітаньнямі й гарачай гарбатай. «Вось-вось, менавіта вас мы й хацелі прапанаваць!»

Сельсавет у апошні момант зьняў сваіх вылучэнцаў у Малым Сітне й Алёшчы па тых акругах, дзе зьбіраліся ісьці народныя ад леспрамгасу, чыгуначнай станцыі й сіценскай школы — і пачаў актыўна «акучваць» апошніх. Савецкая ўлада ўхілілася ад адкрытага супрацьстаяньня й зрабіла стаўку на перацягваньне апазыцыі.

Дзе ж рэвалюцыйны запал нашчадкаў бальшавікоў? Дзе спаборніцтва, прадугледжанае сыстэмай волевыяўленьня? Дзе тая падаўляючая сіла намэнклятуры, калі кавалак улады аддаецца бяз бою «чужым», якія толькі праявілі жаданьне?

Шкада толькі — тых ахвотнікаў аказалася замала, каб узяць у сельсавеце большасьць.

Праўда, старшыню дэпутаты ў нас выбіраюць толькі па прадстаўленьні райвыканкаму і ў выпадку, калі не прагаласуюць, сельсавет распускаецца — але паводзіны нізавое намэнклятуры ох якія паказальныя.

Савецкая ўлада ў вёсцы адмірае, гэта факт. Для Галіны Дзьмітрыеўны пытаньне ўжо ня ў тым, каб трымаць пад кантролем навакольле, а ў тым, як дасядзець да пэнсіі.

Дом ля пагосту нагадвае сядзібу з прывідамі. Улада быццам бы ёсьць, а быццам і няма, і старшыня сельсавету дама ў чорным — пэрсанаж амаль легендарны: у хатах яе бачаць раз на некалькі гадоў, калі перад чарговымі «выбарамі» надыходзіць час зьбіраць у бабулек подпісы за Лукашэнку.

Дом ля пагосту паціху асядае й растрэскваецца. Так і ўяўляецца праз тыя чатыры гады каробка з пустымі вокнамі на ўзор «вымяральніцкага» інтэрнату, а потым і руіны, што паволі пераходзяць у могілкі.

Беларусі не патрэбны мёртвы сельсавет з прывіднай уладай і сцэнамі маўчаньня ў чаканьні рэвізора з вобласьці. Савецкая ўлада зрабілася рытуальнай. Беларусь памірае без жывога мясцовага самакіраваньня — са сходамі й дэбатамі, тэндэрамі й сапраўднымі выбарамі.

Беларусі патрэбная не стабільная магільная ціша, а нацыянальнае абуджэньне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?