Гэтымі днямі ў Менску праходзіць навукова-грамадзкая дыскусія «Хрысьціянскія каштоўнасьці Беларусі: захаваныя традыцыі, укаранёныя адукацыяй, адкінутыя бязьвер’ем».

Грамадзянская супольнасьць вырашыла даць свой адказ намесьніку кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, сп. Анатолю Рубінаву, які выступіў з праграмным артыкулам на старонках «СБ». У ім, у прыватнасьці, ідэалягічны паслугач рэжыму заявіў, што ўзмацненьне ўплыву рэлігіі азначае адначасова аслабленьне ўплыву дзяржаўнай ідэалогіі. Беларуская нацыя сёньня цяжка панявечаная духоўна, страх, бязьвер’е і апатыя апановаўць бальшынёю. Рэлігія, нават у далёкай прпавінцыі, займае зусім сьціплае месца ў жыцьці. Спробы ісьпіраваць «новы хрост» з боку ўсіх канфэсіяў, сутыкаюцца з чынавенскім рыгарызмам і сацыяльнымі праблемамі людзей. Дзе ж выйсьце з заганнага кола, у якім людзі баяцца адкрыта вызаваць веру, а баяцца таму, што ня вераць? Здавалася б, дзяржава тут павінна сама меней не замінаць... Але цяперашні рэжым настойліва й брутальна ўмешваецца ў справы рэлігійных грамадаў, сеячы новыя сумневы, ваганьні й фобіі.

Для ўдзелу ў круглым стале «Хрысьціянскія каштоўнасьці» былі запрошаныя навукоўцы, публіцысты, прадстаўнікі розных хрысьціянскіх дэнамінацыяў краіны. У першы дзень прагучалі выступы доктара філязофіі Ўладзімера Конана, што быў прысьвечаны хрысьціянскім каштоўнасьцям у клясычнай беларускай літартуры і доктара багаслоўя Ірыны Дубянецкай, пра Страх і Веру, як фундамэтнальныя падставы сацыяльна-палітычнага жыцьця Беларусі. Мерапрыемства распачалося з супольнае малітвы. Дыскусію распачаў Вінцук Вячорка, старшыня Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне», які зрабіў спавешчаньне пра хрысьціянскі духоўны падмурак нашага нацыянальна-вызваленчага руху, а таксмама пра ўдел у ім БНФ. Гэта невыпадкова. Бо сам «круглы стол» адбываецца ў сядзібе БНФ. Зважаючы на гэтую акалічнасьць, многія з запрошаных выступоўцаў збаяліся й адмовіліся ад удзелу ў гэтай імпрэзе. Пра гэта паведаміла арганізатарка паседжаньня, сп. Валянціна Трыгубовіч, якая й мадэравала працу. Не было прадстаўнікоў ані праваслаўнага, ані каталіцкага клеру. У выніку дыскусія, у якой бралі ўдзел прафэсар Юры Хадыка, знаныя навукоўцы й публіцысты Анатоль Сідарэвіч і Пятро Садоўскі, набыла характар сьвецкае гутаркі на тэмы этыкі.

Сёньня круглы стол «Хрысьціянскія каштоўнасьці Беларусі...» працягне сваю работу ад 14.00 гадзіны, зноў распачаўшы яе з супольнае малітвы.

СХ

10:18, 19 сьнежня 2006

На другі дзень канфэрэнцыі «Хрысьціянскія каштоўнасьці Беларусі...» удзельнікі заслухалі выступы Юрыя Хадыкі «Рэлігія і выяўленчае мастацтва: узвышэньне чалавечай душы», Натальлі Базылевіч «Рэлігійная ідэнтычнасьць у сучаснай Беларусі: праблема каштоўнасьцяў» ды Аляксея Шэіна «Вера і ідэалёгія».

Круглы стол скончыўся без падпісаньня якіх‑небудзь дакумэнтаў, ці зваротаў. Яго ўдзельнікі сыйшліся на агульнай ідэі працягваць і далей традыцыю такіх дыскусіяў. А.Шэін лічыць, што тут галоўнае разуменьне важнасьці самой тэмы і працяг дыялёгу паміж усімі зацікаўленымі.

Арганізатарка канфэрэнцыі Валянціна Трыгубовіч кажа, што круглы стол даўся цяжкавата: «Дыялёг увесь час балянсаваў на мяжы спрэчкі і часам ледзьве не перарастаў у сварку. Але мы ўсё ж прыйшлі да адзінай высновы – на якім грунце, тэмах трэба заакцэнтаваць увагу падчас далейшых дыскусіяў». Сп.Трыгубовіч упэўненая, што працягваць такія сустрэчы неабходна. Такія мерапрыемствы лучаць ня толькі вернікаў розных канфэсіяў, але й далучаюць да дыялёгу грамадзка‑палітычных дзеячоў, даючы магчымасьць усім разам працаваць на карысьць Беларусі, зазначыла Валянціна Трыгубовіч.

СП

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна