Жыхары Бельгіі перажылі сапраўдны шок пасьля таго, як па дзяржаўным тэлебачаньні ім паведамілі пра распад краіны.

Тое, што гэта розыгрыш зразумелі ня ўсе й далёка не адразу.

Дзяржаўны тэлеканал РТБФ у сераду вечарам аб’явіў пра тое, што парлямэнт Фляндрыі прагаласаваў за адлучэньне гэтага флямандзкамоўнага рэгіёну ад Каралеўства Бэльгія, што Бэльгіі болей не існуе, а кароль на вайсковым самалёце пакінуў краіну. Журналісты перадавалі гэтую "навіну" з-пад каралеўскага палацу. Праз пэўны час пайшлі іншыя жывыя ўключэньні: з-пад палацу "Атоміюм", дзе, нібыта, схаваліся бэльгійскія палітыкі, верныя адзінству краіны, з часовых пунктаў пропуску, нібыта абладжаных флямандзкай вартай на мяжы франкамоўных і флямандзкамоўных кварталаў сталіцы, інфармацыя пра перакрыцьцё трамвайных маршрутаў на гэтай новай мяжы... Гэтая навіна перапалохала ня толькі Бэльгію, але і суседнія краіны. Толькі праз пэўны час выпускі "навінаў" пачалі суправаджацца бесьперапынным рухомым радком. У ім тлумачылася, што ўсё гэта толькі журналісцкая выдумка. Праўда, набраны ён быў настолькі дробным шрфытам, а журналісты і вядоўцы былі настолькі сур’ёзныя, што многія гледачы працягвалі прымаць гэтую сэнсацыйную навіну за шчырую праўду. Апроч таго, праўдападобнасьці гэтым паведамленьням дадавалі так званыя «жывыя» ўключэньні, у якіх свае камэнтары з нагоды расколу краіны давалі вядомыя ў Бэльгіі палітыкі й грамадзкія дзеячы.

Паводле словаў прадстаўнікоў тэлеканалу, гэты праект меў на мэце ня толькі жартаўлівыя мэты. Ён быў старанна прадуманы і рыхтаваўся ў таямніцы два месяцы. Яны намагаліся прадэманстраваць усе нэгатыўныя наступствы магчымага падзелу Бельгіі на Фляндрыю й Валёнію. Сам па сабе такі сцэнар абмяркоўваюць у гэтай краіне ўжо даволі даўно.

Гэтая праграма выклікала бурную рэакцыю афіцыйнага кіраўніцтва – прэм’ер-міністар Бэльгіі ў афіцыйнай заяве назваў праграму й ейных аўтараў «абсалютна безадказнымі». Міністарка інфармацыі заявіла, што СМІ ў дадзеным выпадку парушыла журналісцкую этыку. Што цікава, ніхто не гаворыць пра закрыцьцё каналу: журналісты ў свабоднай краіне маюць права і на правакацыю.

АК; "Газэта Выборча", «Эхо Москвы»


Глядзі яшчэ:

Фляндрыя рухаецца да незалежнасьці

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна