Пераможцы конкурсу «Вольнае слова-2010. Болей фотаў ТУТ.
6 мая ў рэзідэнцыі амбасадара Вялікабрытаніі пры падтрымцы амбасады гэтай краіны прайшла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў конкурсу «Вольнае слова-2010». Творчае спаборніцтва чацвёрты год запар ладзіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
«Мы рады падтрымаць мерапрыемства, якое ўхваляе заслугі ў галіне журналістыкі, і ўражаныя мужнасцю прадстаўнікоў вашай прафесіі, якім даводзіцца працаваць у сённяшніх нялёгкіх умовах», — адзначыў, вітаючы прысутных, часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі спадар Джым Казнс.
«Такога цяжкога года для журналістыкі і для вольнага слова я, па шчырасці, не памятаю, — прызналася старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. — За мінулы год мы з вамі сутыкнуліся з жорсткай і помслівай палітыкай уладаў у дачыненні да журналістаў. Вось і на сённяшняй падзеі не могуць прысутнічаць пераможцы нашага конкурсу Ірына Халіп і Сяргей Вазняк (першая — пад хатнім арыштам у чаканні суда, другі — на судовым працэсе па крымінальнай справе супраць яго — заўв. БАЖ), многія нашы калегі знаходзяцца ў залах шматлікіх судоў, дзе выконваюць свае прафесійныя абавязкі…»
Старшыня БАЖ нагадала пра пагрозу, што навісла над двума «брэндавымі» выданнямі беларускай незалежнай журналістыкі — «Нашай Нівай» і «Народнай Воляй», а таксама пра лёс зняволенага калегі Андрэя Пачобута, які чакае суда ў гродзенскай турме. «Усё гэта не дадае добрага настрою. Але за незалежных беларускіх журналістаў сёння не сорамна. Я радуюся, што мы патрэбныя адзін аднаму і што мы — разам», — падкрэсліла Ж. Літвіна.
Старшыня журы Юрась Карманаў нагадаў, што на конкурс было пададзена больш за 60 тэкстаў ад 23 аўтараў. «Сябры журы адзначылі высокі прафесійны ўзровень прадстаўленых твораў», — адзначыў сп. Карманаў.
Ён прэзентаваў кожнага лаўрэата кароткай дасціпнай характарыстыкай яго тэксту і некалькімі найбольш яркімі цытатамі з артыкулаў-пераможцаў. Журналісты распавядалі пра гісторыю стварэння сваіх матэрыялаў, дзяліліся творчымі планамі не будучае і некаторымі заўвагамі наконт «бягучага моманту».
«Мы, журналісты, выконваем тры асноўныя функцыі: інфармуем, кантралюем уладу і дапамагаем простым людзям. Як сведчаць вынікі конкурсу, усім гэтым патрабаванням цалкам адпавядаюць тэксты-пераможцы „Вольнага слова“, — падсумаваў Юрась Карманаў. — Спадзяюся, што ў наступным годзе і сам конкурс, і працэдура ўзнагароджання будуць праходзіць больш свабодных варунках».
Тым пераможцам конкурсу, якія з аб’ектыўных прычын не змаглі прысутнічаць на цырымоніі ўганаравання — у прыватнасці, бацькам Ірыны Халіп, якія сёння ў часе цырымоніі знаходзіліся ў судзе над Андрэем Саннікавым і іншымі фігурантамі «справы 19 снежня» — сябры журы плануюць сёння адвезці дыпломы і кветкі дахаты.
Сяргей Вазняк атрымаў сваю ўзнагароду ў офісе БАЖ, куды прыехаў пасля прыпынення судовых слуханняў з-за кепскага самаадчування Аляксандра Фядуты.
Намінацыя НАЙЛЕПШЫ ІНФАРМАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ
1 месца:
АЎТАР: Руслан Гарбачоў, (інтэрнэт-газета «Салідарнасць»)
ТЭКСТ: «Зянон Пазняк: „Настальгія — страшэнная з’ява. Гэта невыносна!“»
2 месца:
АЎТАР: Сямён Печанко (газета «Наша Ніва»)
ТЭКСТ: «Няпросты кампраміс прафесара Астроўскага»
3 месца:
АЎТАР: Сяргей Вазняк, (газета «Товарищ»)
ТЭКСТ: «Говори правду, борись за правду и тогда не страшно даже в тюрьме!»
Намінацыя НАЙЛЕПШАЯ АНАЛІТЫЧНАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ
1 месца:
АЎТАР: Ірына Халіп, («Новая газета», Расія)
ТЭКСТ: «Евангелие от Лукавого»
2 месца:
АЎТАР: Настасся Зелянкова (сайт «Заўтра тваёй краіны»)
ТЭКСТ: «Готовы ли белорусы голосовать за кандидата в юбке»
3 месца:
АЎТАР: Сяргей Нікалюк (газета «Новы час»)
ТЭКСТ: «Документ из интернета»
Намінацыя НАЙЛЕПШАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКАГА ЖАНРУ
1 месца:
АЎТАР: Марыя Мартысевіч (газета «Новы час»)
ТЭКСТ: «Прыгоды пенсіянера: 60 гадоў з Валянцінам Акудовічам»
2 месца:
АЎТАР: Сяргей Макарэвіч (газета «Наша Ніва»)
ТЭКСТ: «Савецкая дачка прэзідэнта БНР»
3 месца падзялілі:
АЎТАР: Вольга Хвоін (газета «Новы час»)
ТЭКСТ: «SMS-дзённік з мінулага стагоддзя»
АЎТАР: Анатоль Гатоўчыц (часопіс «Абажур»)
ТЭКСТ: «Зямля пад белымі крыламі»
Намінацыя ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ
1 месца:
АЎТАР: Яўген Валошын (газета «Звязда»)
ТЭКСТЫ: «Як мы куплялі машыну ў Нямеччыне, ці Горкі лёс беларускага аўтаперагоншчыка» і «Бітва за роднае слова. Як замест нас беларускую мову раскручваюць расіяне?»
2 месца:
АЎТАР: Марыя Эйсмант (газета «Народная воля»)
ТЭКСТ: «В Беларуси голосуют покойники»
Намінацыя ДЭБЮТ
1 месца:
АЎТАР: Алег Ражкоў (інтэрнэт-газета «Салідарнасць»)
ТЭКСТ: «Четыре года на лестничной площадке»
2 месца:
АЎТАР: Алесь Герасіменка (сайт Generation.by)
ТЭКСТ: «Віртуальны выбар Украіны»
3 месца:
АЎТАР: Мікалай Тамашэвіч (газета «Звязда»)
ТЭКСТ: «Як карэспандэнты «Звязды» на «Славянскім базары» гандлявалі карцінамі»
Склад журы конкурсу:
1. Юрась КАРМАНАЎ (старшыня)
2. Таццяна МЕЛЬНІЧУК
3. Андрэй СКУРКО
4. Андрэй АЛЯКСАНДРАЎ
5. Анатоль ГУЛЯЕЎ
6. Максім ЖБАНКОЎ
7. Аляксандр СТАРЫКЕВІЧ





