Нацыянальны банк Беларусі (НББ) даручыў найбуйнейшаму беларускаму банку ААТ «ААБ Беларусбанк» прадаваць фізасобам наяўную замежную валюту на сацыяльныя мэты,
паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар НББ Анатоль Драздоў.

«Нацыянальны банк 27 красавіка накіраваў у Беларусбанк ліст, у адпаведнасці з якім гэтаму банку дазволена адразу не прадаваць набытую на памежпераходах замежную валюту. Дадзеныя валютныя сродкі будуць канцэнтравацца і накіроўвацца на сацыяльна значныя выдаткі нашых грамадзян за мяжой: на лячэнне, аплату навучання і пражыванне студэнтаў, выезд у сувязі з хваробай або смерцю сваякоў і іншыя мэты», — сказаў А. Драздоў. «Валюта на гэтыя мэты павінная прадавацца грамадзянам на падставе іх заяваў. Пэўны парадак продажу валюты, у межах дадзенага распараджэння, Беларусбанк вызначыць самастойна», — дадаў ён.

У Беларусбанку агенцтву пацвердзілі, што цяпер вядзецца падрыхтоўка адпаведнага нарматыўнага акту банка.

Па словах прадстаўніка банка, мяркуецца, што будуць вызначаныя дакладныя крытэры продажу наяўнай замежнай валюты на сацыяльна значныя патрэбы. Пры гэтым фармулёўкі «і іншыя мэты» ў дакуменце не будзе.

Банк таксама не плануе ўсталёўваць ліміты продажу ў залежнасці ад віду мэтаў набыцця валюты. Заяўкі будуць разглядацца ў парадку чарговасці і іх задавальненне будзе ажыццяўляцца зыходзячы з наяўнага аб’ёму сродкаў для продажу.

Асноўным крытэрам падчас прыняцця рашэння аб продажы наяўнай валюты стане абгрунтаванасць і дакладнасць прадстаўленых заяўнікам дакументаў.
У банку таксама заяўляюць, што падчас прыняцця рашэнняў будуць кіравацца выразнымі юрыдычнымі азначэннямі, напрыклад, пры заяўцы на выезд у сувязі з цяжкай хваробай сваякоў. «Пры насмарку замежных сваякоў, вядома, заяўка задавальняцца не будзе. Падставай для куплі валюты ў Беларусбанку, у прыватнасці, стане менавіта цяжкая хвароба сваякоў, пад гэтае азначэнне юрыдычна трапляе дакладны пералік дыягназаў», — сказаў прадстаўнік банка.

Паводле яго словаў, канчатковае рашэнне аб пазачарговым продажы наяўнай замежнай валюты на падставе пададзеных заяваў будзе прымацца калегіяльна на паседжанні фінансавага камітэта Беларусбанка.

У банку таксама паведамілі, што заяўку на пазачарговую куплю валюты па курсе, які не больш чым на 2% перавышае афіцыйны курс Нацбанка, можна будзе падаць і ў рэгіянальных аддзяленнях Беларусбанка, але рашэнне будзе прымацца цэнтральным апаратам банка.

На памежпераходах размешчана 29 абменнікаў Беларусбанка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?