Мы, ветэраны беларускай журналістыкі, якія шмат гадоў прысвяцілі абранай прафесіі, у свой час спазналі на сабе ціск савецкай сістэмы. Аднак тое, што робіцца цяпер, не ідзе ні ў якае параўнанне нават з тым, далёка не ідэальным часам.Што значыць закрыць рот, накінуць аброць на чалавека з пяром, святы абавязак якога — сумленна і праўдзіва асвятляць жыццё, аб’ектыўна інфармаваць чытача аб падзеях і працэсах, што хвалююць і закранаюць інтарэсы грамадства і грамадзян? На жаль, з боку спецслужб, таго ж Міністэрства інфармацыі, з кожным днём узмацняецца наступ на нешматлікія незалежныя выданні краіны. Канфіскуюцца камп’ютары, ідуць ператрусы, рэдакцыі засыпаюцца штрафамі, позвамі ў суд, неабгрунтаванымі, на наш погляд, папярэджаннямі.
Вось і нядаўна Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь іск аб спыненні выпуску газеты «Народная Воля» — пасля некалькіх афіцыйных папярэджанняў з прычын, якія ну ніяк не цягнуць на сур’ёзныя абвінавачанні. Гэта прамое парушэнне гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян на свабоду слова, атрыманне разнастайнай інфармацыі, гэта сапраўдны ідэалагічны гвалт, што ўчыняецца ў самым цэнтры Еўропы ў ХХI стагоддзі. Скажыце, калі ласка, навошта прыбягаць да карных мер, калі заканадаўства прадугледжвае шэраг іншых? Інакш атрымліваецца сярэднявечная інквізіцыя.
Хіба падобнае цемрашальства на карысць нашай незалежнай дзяржаве і яе народу, які гераічным змаганнем з чалавеканенавісніцкім фашызмам, а затым упартай працай дзеля адраджэння Бацькаўшчыны даўно заслужыў шчасце жыць у свабоднай, дэмакратычнай, высокаразвітай краіне Беларусь. І ганарыцца ёю, разам з міжнародным супольніцтвам будаваць справядлівы і светлы заўтрашні дзень.Аб якім «прагрэсе», «развіцці», «працвітанні» можа ісці размова, калі душыцца свабоднае слова, а прафесія незалежнага журналіста робіцца ўсё больш небяспечнай, патрабуе мужнасці ў адстойванні права на свой погляд і бачанне свету?
Мы — грамадзяне розных палітычных поглядаў, але аднаго пераканання: менавіта на канстытуцыйных нормах павінна грунтавацца ўсё жыццё краіны. А ўдушэнне свабоды выказванняў, калі яны не супярэчаць закону і чалавечай маралі, ёсць грубае парушэнне гэтых норм. Таму мы рашуча патрабуем ад Міністэрства інфармацыі і яго натхняльнікаў спыніць гэтае «дзікае паляванне караля Стаха», зацікаўлена садзейнічаць стварэнню ў грамадстве атмасферы ўзаемаразумення і супрацоўніцтва — дзеля дабра і служэння роднай Беларусі.
Хочацца верыць, што меч, занесены над «Народнай Воляй» і «Нашай Нівай», будзе адведзены.
Віктар БАРУШКА, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, былы ўласны карэспандэнт газеты «Правда» па Беларусі;
Іван МАКАЛОВІЧ, былы старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па друку, былы рэдактар газеты «Звязда», былы старшыня Саюза журналістаў Беларускай ССР, кандыдат гістарычных навук;
Святлана КЛІМЕНЦЕНКА, заслужаны работнік культуры Беларусі





