Будучыя выбары ў Палату прадстаўнікоў будуць не менш ліберальныя за прэзідэнцкія і нашмат больш свабодныя за папярэднія выбары ў парламент. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына: «Выбары парламенцкія будуць вельмі адрознівацца ад папярэдніх. Бо на іх з’явіцца тое, што было і падчас прэзідэнцкіх выбараў: і асабістыя фонды кандыдатаў, і магчымасць вядзення дэбатаў, і заяўленчы парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. Усе тыя ліберальныя падыходы застануцца, яны нікуды не падзенуцца — яны будуць ужывацца і падчас правядзення парламенцкіх выбараў».
Наколькі актыўна грамадзяне будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты, старшыня ЦВК сёння прадказаць не бярэцца. Але выказвае меркаванне, што такіх жадаючых, далёкіх ад выканаўчай улады, «Белай Русі» ці БРСМ, будзе даволі шмат.
— Праваахоўныя органы вельмі актыўныя апошнім часам. Ці не застрашыць гэта людзей? Ці не будзе думак: «Навошта звязвацца з гэтымі выбарамі, а потым невядома што чакаць?
Лідзія Ярмошына: «А што ў праваахоўных органах не так?»
— Я не кажу, што ў іх нешта «так» ці «не так». Я кажу, што яны вельмі актыўныя…
Лідзія Ярмошына: Яны актыўныя таму, што яны расследуюць злачынства, яны абавязаныя гэта рабіць. І да выбараў гэта ніякіх адносінаў не мае. Абсалютна!
Калі дакладна будуць парламенцкія выбары, пакуль не вызначана. Але папярэдне — яны мусяць прайсці ў 2012 годзе.





