Эканамічны суд СНД 20 красавіка задаволіў хадайніцтва Беларусі аб адкліканні іскавых патрабаванняў да Расіі аб неправамернасці збірання пошлін на нафтапрадукты. Суд пастанавіў спыніць вытворчасць па гэтай справе.

Хадайніцтва ад імя беларускага боку заявіў на пасяджэнні Эканамічнага суда 20 красавіка міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Як зазначыў міністр, зараз паміж Беларуссю і Расіяй вырашана пытанне аб незбіранні мытных пошлін на нафтапрадукты, што пастаўляюцца ў Беларусь. Расійскі бок праводзіць неабходную працу па ратыфікацыі дакументаў аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

«Беларускі бок лічыць неабходным адмовіцца ад патрабаванняў у судзе. Мы мяркуем, што гэта паўплывае на ўмацаванне беларуска-расійскіх адносінаў», — сказаў Віктар Галаванаў.

У сваю чаргу намеснік міністра юстыцыі Расіі Юрый Любімаў зазначыў, што расійскі бок не пярэчыць супраць адклікання гэтага іску. Паводле яго слоў, і Беларуссю, і Расіяй апошнім часам былі зробленыя шэраг сумесных намаганняў, што тычыліся пагаджальнай працэдуры па гэтым пытанні.

З іскавай заявай у Эканамічны суд СНД урад Беларусі звярнуўся 25 сакавіка 2010 года. Беларускі бок прасіў суд пацвердзіць факт парушэння Расійскай Федэрацыяй палажэнняў дзейных міжнародных дагавораў аб свабодным гандлі і Мытным саюзе ў межах ЕўрАзЭС. Таксама беларускі бок прасіў суд рэкамендаваць Расійскай Федэрацыі зрабіць захады па адмене мытных пошлін на нафтапрадукты, што ўвозяцца ў Беларусь з РФ. Іскавую заяву ўрада Беларусі калегія Эканамічнага суда СНД прыняла да разгляду 21 красавіка 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?