Праваабаронца Алег Баршчэўскі асуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а яго калега Вольга Карач аштрафаваная на 20 базавых велічынь (700 тыс. рублёў).

Такое рашэнне прыняў 20 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска, паведаміўправаабаронца Валянцін Стэфановіч.

Па яго словах, яны былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні дробнага хуліганства.

У дадзены момант працягваюцца працэсы яшчэ над двума затрыманымі напярэдадні ў Мінску праваабаронцамі - Паўлам Левінавым і Паўлам Станеўскім.

Як раней паведамлялася, раніцай 19 красавіка ў кватэру дачкі праваабаронцы Валерыя Шчукіна ў Мінску, дзе ён разам з сябрамі і сваякамі адзначаў свой дзень нараджэння, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Праверыўшы дакументы ў прысутных, яны сышлі, але затым вярнуліся, заявіўшы, што правядуць ператрус. Па словах міліцыянераў, ператрус быў звязаны з расследаваннем крымінальнай справы аб тэракце ў мінскім метро 11 красавіка 2011. У РУУС Фрунзенскага раёна Мінска былі дастаўлены 18 чалавек. Іх усіх апыталі, у некаторых узялі адбіткі пальцаў, у прыватнасці ў Ларысы Шукайла з Магілёва.

З РУУС было адпушчана 14 чалавек без складання пратаколаў. Праваабаронцы Павел Левінаў, Вольга Карач, Алег Баршчэўскі і Павел Станеўскі першапачаткова былі затрыманыя па артыкуле 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні у здзяйсненні злачынства). Пасля ім было прад'яўленае абвінавачванне ў дробным хуліганстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?