«Загад Лукашэнкі шукаць падбухторшчыкаў тэракту ў мінскім метро 11 красавіка сярод апазіцыі — абсурд»,
 — сцвярджае адзін з лідараў беларускай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю, апублікаваным на сайце газеты Tagesspiegel.

На яго думку, у Беларусі няма апазіцыйных сілаў, здольных на такое. «Затое, — кажа ён, — рэакцыя Лукашэнкі наглядна дэманструе яго спробу пасяліць у грамадстве яшчэ большы страх і канчаткова закруціць гайкі».

Гаворачы пра арышты, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, Мілінкевіч мяркуе, што рэжым хоча пасеяць страх сярод палітычных актывістаў. Дзеля гэтага ў краіне ў найбліжэйшыя месяцы пройдуць паказальныя працэсы, як гэта было ў ст

алінскія часы, закліканыя прадэманстраваць, што апазіцыянеры — гэта крыважэрныя агенты Захаду.

Пры гэтым Мілінкевіч не выключае, што пасля вынясення жорсткіх прысудаў гэтыя палітвязні будуць выкарыстаныя Лукашэнкам у тым ліку і ў закулісным гандлі з ЕС дзеля атрымання фінансавай дапамогі.

Што да фінансавай падтрымкі апазіцыі, у прыватнасці палітвязняў і тых, хто страціў працу ці месца ў ВНУ, то, як лічыць Мілінкевіч, ЕС варта было б змяніць і спрасціць саму працэдуру, інакш з гэтага нічога не атрымаецца. «У найгоршым выпадку вылучаныя буйныя сумы пойдуць на семінары, канферэнцыі, замежную практыку і мітынгі, якія арганізуюцца па-за межамі Беларусі, але не на канкрэтную працу на месцы, што значна важней».

На пытанне, што ўяўляе сабой праца на месцы, Мілінкевіч адказаў, што апазіцыя мусіць існаваць не толькі ў інтэрнэце і на спадарожнікавым тэлеканале Белсат — яна мусіць таксама выязджаць у правінцыю і не проста праводзіць там мітынгі, але і дапамагаць людзям арганізавацца для вырашэння лакальных праблемаў. Гэта і ёсць інвестыцыя ў будучыню. «Нам патрэбная доўгая сістэматычная праца з народам».

Гаворачы аб арганізаваным ім Руху «За свабоду!», Мілінкевіч падкрэсліў імкненне мабілізаваць усё грамадства. Да прыкладу, з дапамогай «Еўрапейскага народнага ўніверсітэта», дзе арганізуюцца курсы, сустрэчы, стажыроўкі ў новых краінах — сябрах ЕС. «Пазней актывісты, якія прайшлі такую падрыхтоўку, могуць быць выбраныя ў мясцовыя органы ўлады і стануць праводзіць рэформы пасля падзення рэжыму Лукашэнкі», — мяркуе ён.

Паводле яго ацэнкі, Беларусь можа выжыць цяпер толькі дзякуючы вонкавай дапамозе.

«Спачатку Лукашэнка кіне за краты лідараў апазіцыі, а затым пазычыць як мага больш грошай у Кітая і Расіі. Потым ён паспрабуе зноў уступіць у дзелавыя адносіны з Захадам… Але гэтым разам Захад павінен быць паслядоўным. Лукашэнка разумее толькі сілу і канкрэтныя ўчынкі, а кампрамісы ўспрымае выключна як слабасць»,
 — сцвярджае Мілінкевіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?