Эканамічныя ўлады акрэслілі стратэгію сваіх паводзінаў у дачыненні да курсу беларускага рубля. Намеры, замацаваныя дакументальна, мяркуюць цікавыя новаўвядзенні на валютным рынку.
Як паведамілі інтэрнэт-газеце Naviny.by у дзяржорганах, галоўная мэта запланаваных рашэнняў палягае ў тым, каб прыйсці да справядлівага курсу беларускага рубля, які будзе адзіным для ўсіх сегментаў валютнага рынку.
Сёння, як вядома, адзінага і справядлівага курсу беларускага рубля няма.
Афіцыйны курс — 3060 рублёў за даляр, у абменніках ён на 2% вышэйшы. Але купіць па гэтым курсе валюту мала хто можа — можна толькі прадаць.

На міжбанкаўскім рынку валюту можна і купіць. Праўда, не фізічным, а юрыдычным асобам. Але курс там ого-го — 4300 рублёў за даляр, а часам і вышэйшы. Зразумела, гэты курс нельга лічыць справядлівым — беларускі рубель, паводле ацэнак таго ж МВФ, пераацэнены на 15%. Таму продаж валюты па курсе на 40% вышэйшым за афіцыйны — чыстай вады спекуляцыя.

Беларускія ўлады, закрываючы спачатку вочы на сітуацыю на міжбанкаўскім рынку, вырашылі нарэшце ўзяць яе пад свой кантроль. Як паведаміла інтэрнэт-газеце Naviny.by крыніца ў органах дзяржкіравання, распрацаваны механізм, які якраз і дазволіць вызначаць на біржавым рынку справядлівы курс беларускага рубля.

Сутнасць прапанаванага механізму палягае ў тым, што на біржы акрамя афіцыйнага будзе разлічвацца рынкавы курс беларускага рубля, які будзе вызначацца зыходзячы з попыту і прапановы юрыдычных асобаў на валюту.

«Ідэя палягае ў тым, каб выйсці на справядлівы курс беларускага рубля, які б адпавядаў эканамічным рэаліям краіны, а не імгненным, эмацыйным крокам асобных удзельнікаў валютнага рынку», — растлумачыла Naviny.by крыніца ў органах дзяржкіравання.

На яе думку, прапанаваны механізм дазволіць забяспечыць доступ юрыдычных асобаў да валюты, якая будзе прапаноўвацца на біржы па рынкавым курсе.

«Задача заключаецца ў тым, каб валюта паміж юрыдычнымі асобамі свабодна прадавалася і куплялася. Пры гэтым яна павінная каштаваць роўна столькі, колькі яна каштуе, — ні больш і не менш», — падкрэсліў суразмоўца Naviny.by.

Аднак прапанаваны механізм зусім не азначае, што валюту па рынкавым курсе будуць купляць на біржы абсалютна ўсе юрыдычныя асобы.

Як адзначалася вышэй, акрамя рынкавага на біржы плануецца вызначаць і афіцыйны курс рубля. Па афіцыйным курсе на біржы будзе закупляцца валюта для набыцця крытычнага імпарту — газу, электраэнергіі, медыкаментаў і іншай сацыяльна значнай прадукцыі.

Адпаведна, тыя імпарцёры, якія будуць увозіць некрытычны, на думку дзяржавы, імпарт, павінныя будуць купляць валюту па рынкавым курсе.

Аднак эканамічныя ўлады краіны ставяць задачу з часам выйсці на адзіны курс беларускага рубля, гэта значыць дэ-факта выраўняць рынкавы курс і афіцыйны.

«Канчатковая мэта — выйсці на адзіны курс беларускага рубля», — паведаміла Naviny.by крыніца ў дзяржорганах, удакладніўшы, што адпаведная задача замацаваная ў сумеснай праграме мераў, якую зацвердзілі ўрад і Нацыянальны банк.

Ад дасягнення той мэты, якую паставілі эканамічныя ўлады краіны, шмат у чым будзе залежаць і лёс наяўнага валютнага рынкуЦяпер, як вядома, валюта ў абменных пунктах практычна адсутнічае. Праз рознасць курсаў банкі не могуць купіць валюту на міжбанку і прадаць яе на наяўным рынку, курс на якім жорстка прывязаны да афіцыйнага.

Прадстаўнікі ўлады кажуць, што валюта ў абменных пунктах з’явіцца тады, калі ў краіне будзе магчымы свабодны ператок валюты паміж усімі сегментамі рынку. «А для гэтага павінен быць адзіны курс беларускага рубля», — падкрэсліла ў гутарцы з карэспандэнтам Naviny.by крыніца ў органах дзяржкіравання.

Эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Дзмітрый Крук бачыць некалькі наступстваў тых рашэнняў, якія плануюць прыняць эканамічныя ўлады краіны.

Каментуючы дваістасць курсу беларускага рубля на біржы, якую ўлады хочуць усталяваць афіцыйна, эксперт адзначыў, што дадзеная мера з’яўляецца адміністрацыйнай.

«Гэта раўназначна адміністрацыйнаму абмежаванню імпарту, які ўлады лічаць некрытычным. Валюта для набыцця тавараў, якія трапяць у пералік некрытычнага імпарту, будзе закупляцца на біржы па рынкавым курсе, што прывядзе да іх падаражэння», — кажа Дз. Крук.

Пазітыўны вынік рашэння ўладаў вызначаць на біржавым рынку рынкавы курс беларускага рубля эксперт бачыць у тым, што гэта дазволіць удзельнікам рынку мець уяўленне пра больш-менш справядлівы кошт нацыянальнай валюты.

«Множнасць курсаў абцяжарвае ацэнку справядлівага курсу беларускага рубля. Таму часам мы бачым, што ўсталёўваюцца абсалютна неадэкватныя курсы нацыянальнай валюты»,
— лічыць Дзмітрый Крук.

Разам з тым, у сцэнары ўладаў, які прадугледжвае наяўнасць афіцыйнага і рынкавага курсу рубля, эксперт бачыць відавочныя негатыўныя бакі.

«Мяркуючы па ўсім, мы няхутка ўбачым валюту ў абменных пунктах. Праводзіць дэвальвацыю афіцыйнага курсу ўлады пакуль не хочуць. А калі валюта ў абменных пунктах з’явіцца па курсе, блізкім да афіцыйнага, то ва ўмовах парнага курсу рубля насельніцтва можа захацець забраць рублёвыя ўклады і канвертаваць іх у валюту. Натуральна, эканамічныя ўлады ў такім развіцці падзей не зацікаўленыя», — мяркуе эканаміст.

Таму эксперт прадбачыць, што ў абменніках валюты найбліжэйшым часам не будзе. Разам з тым, захаванне такой сітуацыі доўгі час можа быць небяспечным.

«Такая сітуацыя можа прывесці да фармавання паўнавартаснага чорнага рынку. Калі ў насельніцтва будзе магчымасць адносна свабодна абмяняць валюту на рублі па рынкавым курсе на чорным рынку, то гэта можа справакаваць адток валютных укладаў», — рэзюмаваў Дзмітрый Крук.

Відавочна, што той механізм выхаду на адзіны курс беларускага рубля, які выбралі ўлады, распрацаваны з улікам палітычных задач, якія былі пастаўленыя. Абсалютна зразумела, што самы кароткі шлях для дасягнення адзінага курсу рубля — дэвальвацыя афіцыйнага курсу.

Аднак у мінулую пятніцу перад эканамічным блокам урада была пастаўленая палітычная задача — адрэгуляваць валютны рынак так, каб не падаражэў сацыяльна значны імпарт, да якога ўлады адносяць газ, медыкаменты і некаторыя іншыя пазіцыі.

«Вось дэвальвавалі рубель, і ўсё будзе нармальна. Камусьці будзе нармальна, а камусьці і не вельмі. Дапусцім, сёння мы танней прадаем валюту для закупкі лекаў, для аплаты прыроднага газу і іншых жыццёва неабходных тавараў. Давайце дэвальвуем. Якая заўтра будзе цана ўсяго гэтага?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на нарадзе па кадравых пытаннях 15 красавіка.

Аднак на наступны дзень, на суботніку, Лукашэнка паабяцаў выраўняць сітуацыю на валютным рынку, але пры гэтым папрасіў на яго не крыўдаваць.

Механізм, які падрыхтаваў урад, якраз і дазваляе ўлічыць усе тыя даручэнні, якія даў Лукашэнка.
З аднаго боку, на біржы будзе па-ранейшаму існаваць афіцыйны курс рубля, па якім будзе купляцца валюта пад набыццё крытычнага імпарту. Гэта дасць магчымасць не дапусціць росту цэнаў на, як кажа Лукашэнка, «жыццёва неабходныя тавары».

З іншага боку, на той жа біржы будзе разлічвацца і рынкавы курс рубля, па якім зможа цэнтралізавана закупляцца валюта для набыцця некрытычнага імпарту. Да чаго гэта прывядзе, відавочна — да падаражэння значнай колькасці імпартных тавараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?