Недахоп валюты выкліканы ростам сусветных цэнаў на сыравіну і энерганосьбіты. Пра гэта ў пятніцу заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Яшчэ 5 красавіка Лукашэнка заяўляў, што стан з валютнай моцна падкасіўся ад ажыятажу на аўтамабілі. «Мы паглядзелі, там больш мілярда. Вытрымаем мы гэта, няхай людзі сабе машыну купяць, заменяць, калі трэба. Гэта бізнес. Мы не можам чалавека задушыць праз гэтую валюту», — гаварыў Лукашэнка.

Але і на гэты раз ад старой версіі ён цалкам не адмаўляецца. «Мы ж разумелі, што людзі пабягуць у банкі, каб купіць аўтамабілі». Тым не менш, гэты фактар ён ужо не называе асноўным.

Кіраўнік краіны ў пятніцу здзіўляўся, што ВУП і вытворчасць нібыта расце, а валюты ўсё адно не хапае. Ён растлумачыў гэта падаражэннем коштаў на нафту, газ, металы.

«Усё гэта мы разумелі, і трэба было людзям сказаць, што справа не ў тым, што мы чагосьці не разумеем ці не лічым», — сказаў Лукашэнка. Гэта звыклая практыка Лукашэнкі, у выпадку складанасцяў у эканоміцы вінавацяць у гэтым сусветныя тэндэнцыі.

«Нам не хапіла тавараў, якія мы прадаём, валюты, каб аплочваць спажытыя рэсурсы», — па словах Лукашэнкі, быў вылучаны крытычны імпарт, без якога не абысціся, — гэта газ, нафта, лекі. Валюта трацілася толькі на іх.

Тым не менш, Лукашэнка настойвае, што ніякіх рэзкіх рухаў на валютна-фінансавым рынку рабіць не варта.

«Майце на ўвазе: ціснуць людзей не трэба, хаця яны, найперш, стварылі гэтую сітуацыю. Я яшчэ на „Дажынках“ казаў, што ў спакойным рэжыме мы будзем жыць, і не хвалюйцеся. Але калі створыце ажыятаж — вы атрымаеце гэта. Стварылі — атрымалі. Людзей дакараць не варта. І мы добрыя. І тыя, хто праз так званыя СМІ падкідвае гэтыя пытанні, ствараючы ажыятаж», — зазначыў Лукашэнка.

«Мы яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў прадбачылі, што нас будуць ціснуць, мэтанакіравана і метадычна, дэстабілізіраваць абстаноўку. Так яно і выйшла. Спачатку на валютным рынку, пасля на харчовым, а потым выбухнула метро. Цэлы ланцуг»,
 — лічыць беларускі лідар.

«З дэвальвацыяй трэба пачакаць», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?