З 15 красавіка Нацбанк змяніў правілы продажу каштоўных металаў. Ад сёння мерныя зліткі могуць быць купленыя банкамі і насельніцтвам толькі за валюту. Купля металаў у насельніцтва па-ранейшаму ажыццяўляецца ў беларускіх рублях.

Гэта вынікае з інфармацыі, змешчанай на сайце Нацбанка.

«Прэйскурант цэн на мерныя зліткі», як бязграматна названы ён Нацбанкам, за ўчора ўтрымлівае яшчэ цэны ў беларускіх рублях і далярах. Прычым курс пераліку прымяняўся афіцыйны — 3045–3050 рублёў.

Cёння засталіся толькі цэны ў далярах.

Насельніцтва ўспрымала золата і срэбра як альтэрнатыву дэфіцытнай валюце. Даходзіла да таго, што беларусы прапаноўвалі літоўцам расплаціцца за аўто зліткамі з золата.

Аб'ём продажу залатых зліткаў у I квартале 2011 года вырас у 4 разы проці I квартала 2010 года і склаў 680 кг. Прычым у сакавіку, на фоне дэвальвацыйных чаканняў, прадалі аж 472 кг золата.

У касах Нацбанка, размешчаных у Мінску на Талстаго, 6, супрацоўнікі паведамляюць, што прадаць зліткі за рублі не могуць «па ўнутраным распараджэнні».

Ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка пацвярджаюць, што продаж каштоўных металаў у злітках за беларускія рублі часова прыпынены,
але не даюць падрабязных каментароў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?