Пакуль кіраўнік праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч знаходзіцца на рэабілітацыі пасля складанай аперацыі на сэрцы, паўнамоцтвы перайшлі да яго двух першых намеснікаў. Хто яны?

Юрый Алымаў

Юрый Алымаў

Мікалай Лузгін

Мікалай Лузгін

Кандыдат эканамічных навук Мікалай Лузгін нарадзіўся на Віцебшчыне ў 1956 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (цяперашні БДЭУ). Папрацаваўшы некаторы час крэдытным інспектарам і эканамістам аддзела фінансавання і крэдытавання будаўніцтва Будбанка СССР, на дзесяць гадоў (1981–1991) уладкаваўся на кафедру грашовага звароту і крэдыту сваёй былой навучальнай установы, БДЭУ.

Ад пачатку незалежнасці працуе ў Нацыянальным банку — за гэты час ён перасядзеў і Багданкевіча, і Віннікаву, якія ўзначальвалі галоўны банк краіны.
Спачатку Лузгін працаваў у дэпартаменце валютнага і фондавага рэгулявання, а з 1998 года намеснікам Пятра Пракаповіча.

Ягоны калега Юрый Алымаў усяго на год маладзейшы за Лузгіна. Ён нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняга Кыргызстана. Скончыў Ленінградскі фінансава-эканамічны інстытут імя Вазнесенскага, пасля чаго ў 1985 годзе адправіўся працаваць у беларускі Светлагорск. Там ён зрабіў кар’еру, падняўшыся ад старэйшага эканаміста Светлагорскага гарадскога фінансавага аддзела да намесніка старшыні Светлагорскага гарвыканкама на пачатку незалежнасці. У 1993–1997 Алымаў быў намеснікам гомельскага абласнога кіраўніка «Беларусбанка», далей пераехаў у Мінск, стаўшы намеснікам старшыні банка.

Як і Пракаповіч, Алымаў прыйшоў у Нацбанк 1998 годзе.
Праз тры гады стаў першым намеснікам кіраўніка галоўнага банка краіны. У свой час Алымаў атрымаў другую вышэйшую адукацыю, скончыўшы Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў.

Пазіцыі Алымава мацнейшыя, таму менавіта ён фактычна ачоліць арганізацыю. Некалькі тыдняў таму ён адпраўляўся разам з міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом «выбіваць» грошы з Расіі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?