Апазіцыя ў краіне павінна быць, але пятай калоны ў краіне не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 13 красавіка па беларускім тэлебачанні.

Ён запатрабаваў ад Генеральнай пракуратуры і іншых праваахоўных органаў "расследаваць усе заявы розных дзеячаў ад палітыкі". "І прашу не блытаць гэта з тым, што мы карыстаемся момантам, каб на нейкую апазіцыю наступіць. Асабліва журналісты, якія стаяць сёння перада мной, — вы ўчора і пазаўчора начыталіся гэтых заяў. Абвінавачвалі ўсіх, каго хочацца", — сказаў прэзідэнт.

Пры гэтым ён нагадаў, што ўсё яшчэ адшукваюцца саўдзельнікі і замоўцы злачынства. "Магчыма, гэтыя так званыя палітыкі ад пятай калоны нам раскрыюць карты і пакажуць, хто ж замовіў? Можа, хтосьці і з уладаў? Усіх дапытаць. У межах крымінальнай справы ўсіх прыцягнуць і дапытаць, нягледзячы ні на якую дэмакратыю і вой і стогны замежных пакутнікаў. Матэрыялы ёсць. Бярыце, даследуйце, няхай тлумачаць, адкуль у іх гэта інфармацыя", — сказаў Лукашэнка.

"Дайшло да шчырага блюзнерства. Увесь народ перажывае трагедыю, смуткуе аб загінулых, а нашы еўрапейскія так званыя партнёры ў Страсбургу разважаюць аб нейкіх правах чалавека. Больш за тое, прыехалі туды нашы дамарослыя з пятай калоны і заклікаюць увесці санкцыі супраць народа. Танцы на касцях, інакш не назавеш такія паводзіны. Пачакалі б, пакуль жалоба закончыцца, пакуль пахаваем загінулых. Законы дзяржавы напісаны для ўсіх без выключэння. А акрамя гэтага ёсць яшчэ законы маралі і сумлення, хаця для іх яны, напэўна, ужо сталі пустым гукам", — заявіў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна