Ад пачатку выклікаў няяснасць той факт, што фотаробат першым распаўсюдзіла расійскае, а не беларускае выданне. Супярэчлівыя заявы сілавых ведамстваў выдаюць недахоп каардынацыі.

Падазраваных па справе аб тэракце ў мінскім метро пакуль няма, працэсуальна затрыманых -- таксама, паведаміў у эфіры АНТ у праграме «Адкрыты фармат» 12 красавіка намеснік генпракурора, кіраўнік аператыўнай следчай групы Андрэй Швед.

Раней у аўторак Швед адзначаў, што паводле падазрэння ў дачыненні да тэракта затрыманы некалькі чалавек. На пытанне, ці з’яўляюцца затрыманыя грамадзянамі Беларусі, ён адказваць адмовіўся.

Старшыня ж Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Вадзім Зайцаў раней заяўляў, што ва ўчыненні тэракту ў Мінску падазраецца малады мужчына неславянскага выгляду.
Ягоныя словы цытавала агенцтва БелТА.

Паводле словаў Зайцава, быў складзены фотаробат чалавека, які падазраецца ў непасрэдным учыненні тэрарыстычнага акту ў мінскім метро.

Гэта малады мужчына ва ўзросце да 27 гадоў, моцнага целаскладу, ростам 175–180 см. На ім была карычневая куртка і карычневая вязаная шапачка.
На думку кіраўніка КДБ, не выключаная версія, што гэты чалавек быў наймітам.

Вадзім Зайцаў праінфармаваў, што выбуховае прыстасаванне на станцыі метро «Кастрычніцкая» было радыёкіраванае і яго прывёў у дзеянне выканаўца. Паводле першасных аператыўна-следчых дзеянняў і экспертнай ацэнкі, выбуховая прылада была няпростая.

У якасці сродкаў паражэння «выкарыстоўваліся розныя металічныя прадметы, як былыя ва ўжыванні, няправільнай формы, так і тыя, што прадаюцца ў крамах», — сказаў старшыня КДБ.

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці магла гэтая прылада быць вырабленая ў Беларусі, Вадзім Зайцаў сказаў, што на гэтае пытанне трэба адказаць экспертам.

Насуперак ранейшым заявам Зайцава, у вечаровым эфіры АНТ першы намеснік міністра ўнутраных справаў Алег Пякарскі паведаміў, што органы ўнутраных спраў пакуль не могуць сказаць, ці фотаробат, які з'явіўся ў СМІ, «адпавядае асобе, якая здзейсніла злачынства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?