Гэта прагучала ў ягоным выступе на экстранай нарадзе, што трансляваўся дзяржаўным тэлебачаннем.
«Крыць няма чым. У гэтым вінаваты толькі мы», — прызнаў Аляксандр Лукашэнка.
«Без вас нам цяжка будзе знайсці гэтых уродаў. Нам трэба будзе ваша дапамога», — звярнуўся ён да грамадзянаў.
«Прааналізуйце, каму не падабалася стабільнасць», — запатрабаваў Лукашэнка ад сілавікоў. Ягоны голас не выдаваў эмоцый, у ягонай міміцы і жэстыкуляцыі не было нервознасці.
«Мужыкі, нам кінуты сур'ёзны выклік, патрэбны адэкватны адказ і ён павінен быць знойдзены», — заявіў Лукашэнка.
«Я вас папярэджваў, што нам спакойнага жыцця не дадуць. Хто яны? І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца», — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён загадаў прыняць дапамогу Расіі ў расследаванні тэракта і ў аказанні дапамогі пацярпелым.
Лукашэнка даў загад абвесціць дзень жалобы ў Мінску.
А 20.15 Аляксандр Лукашэнка прыбыў на месца здарэння. Раней ён заявіў, што «ўзяў сітуацыю ў Мінску пад асабісты кантроль».
Што гэта будзе азначаць? Можна падумаць, што дагэтуль яна была не пад ягоным асабістым кантролем.
За аналагічным тэрактам 3 ліпеня 2008 года ішла хваля арыштаў і ператрусаў, найперш у палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.
БТ паказала, што Лукашэнка ўскладаў кветкі на месца здарэння разам з маленькім сынам Колем. Лукашэнка ішоў паміж лужын крыві, яму паднялі стужачку, ён паклаў кветкі.
Аднак на фотах БелТА ён фігуруе без Колі, з Макеем. Найбліжэйшы да яго — начальнік ягонай Службы бяспекі Уцюрын.





