30 сакавіка 2011 г. спаўняецца 80 гадоў выдатнаму чалавеку і навукоўцу — Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу. Неверагодна прыемна віншаваць юбіляра з гэтай нагоды: ён знаходзіцца ў зеніце творчай актыўнасці, яго мудрая і годная грамадзянская пастава прымушае людзей, якія з ім сутыкаюцца, паводзіць сябе адпаведна. Шчасце, што ў Гародні ёсць прафесар Пяткевіч — бясспрэчны маральны аўтарытэт для ўсіх, хто яго ведае!

Самая балючая праблема нашага грамадства — не безвыходная палітычная ці эканамічная сітуацыя, а культурны ўзровень грамадзян. Недахоп агульнай культуры ў «самай адукаванай краіне СНД» проста палохае. Сярод масы людзей з вышэйшай адукацыяй вельмі рэдка сустрэнеш сапраўды інтэлігентнага чалавека, які паводзіць сябе прыстойна ў кожнай сітуацыі. Не хлусіць, не здраджвае сваім ідэалам, не мімікруе. Усё больш паглыбляецца прорва паміж сапраўднымі і фальшывымі аўтарытэтамі, пашыраецца падмена паняццяў, блытаніна і цынізм у сферы маралі.

Калісьці 90-гадовага польскага прафесара Уладзіслава Барташэўскага спыталі: як жыць? Ён адказаў проста: на ўсялякі выпадак — прыстойна. Па такім прынцыпе жыве прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч.
Ягоная навуковая кар’ера пачалася ў Мінску, спачатку на філфаку БДУ, затым у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук, але з 1957 г. звязаная з адным горадам і адным універсітэтам. А. М. Пяткевіч зрабіўся неадрыўнай часткай яго гісторыі і культуры. Нарадзіўшыся бліз вытокаў славутага Нёмана ў мястэчку Новы Свержань, ён пражыў жыццё на берагах яго магутнага сярэдняга цячэння.

Працоўная кар’ера маладога А.Пяткевіча пачыналася з пасады выкладчыка кафедры беларускай літаратуры, у 1968 — 1974 г. ён быў яе загадчыкам. Аляксей Міхайлавіч — аўтар манаграфій і падручнікаў для ВНУ па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Цудоўны лектар, культурная і інтэлігентная асоба, актыўны грамадзянін і патрыёт, сумленны і добры чалавек — усё гэта вылучала Пяткевіча сярод іншых выкладчыкаў. І студэнты гэта адчувалі, любілі і любяць яго ад шчырага сэрца. Ён быў адным з ініцыятараў і актыўным змагаром за наданне Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Ужо ў сярэдзіне 1980-х гадоў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч настойліва ставіў перад адміністрацыяй Гродзенскага дзяржуніверсітэта пытанне аб стварэнні кафедры беларускай культуры. Пасля доўгіх часоў нігілізму і русіфікацыі мова і культура беларусаў апынуліся на мяжы знікнення. Даходзіла да адмаўлення самастойнасці беларускай культуры. У гэты час Аляксей Міхайлавіч уздымаў голас у абарону роднай культуры: «Да сённяшняга дня працягвае дзейнічаць інерцыя мыслення шавіністычных рускіх і польскіх навукоўцаў, якія шматлікія духоўныя здабыткі беларусаў (асабліва найбольш развітыя, прафесійна-мастацкія формы духоўнай дзейнасці) катэгарычна далучалі да сваіх. Беларускай жа культуры пакідалася пераважна „побытавая“ роля. Маўляў, яна, гэтая культура, не ўзвышалася над фальклорам, зберагаючы такім чынам свае традыцыйныя, прыгожыя, але мала развітыя каштоўнасці…. Такім чынам, даказваецца нацыянальнае паходжанне народнага мастацтва і замежнае — прафесійнага» (А.Пяткевіч. Як нам вывучаць гісторыю беларускай культуры? // Беларусіка. Кн.1. Мн., 1993. С.86–87). Боль за гэта, адчуванне, што няведанне ўласнай духоўнай спадчыны збядняе беларусаў, штурхнула А. Пяткевіча на барацьбу за стварэнне кафедры беларускай культуры. Ды і само жыццё паказвала, што абыякавасць да культуры ўвогуле і нацыянальнай у тым ліку, культываваная камуністычнай уладай Савецкага Саюза і сучаснымі беларускімі ўладамі, не спрыяла фармаванню высокакваліфікаваных і інтэлігентных спецыялістаў, асабліва ў гуманітарных навуках. Нарэшце ў 1990 г. адміністрацыя ўніверсітэта падтрымала ініцыятыву А. Пяткевіча, і была створаная кафедра беларускай культуры. Спачатку, з тактычных меркаванняў, яе ўзначаліў прафесар Павел Сцяцко, а з 1991 г. — ужо сам Аляксей Пяткевіч.

Прафесар А. М. Пяткевіч даследуе беларускую культуру ў кантэксце еўрапейскай і сусветнай. Для гэтага яму хапае ведаў, эрудыцыі і разважлівасці, якая дазваляе аб’ектыўна ацэньваць уклад роднай культуры ў еўрапейскую і ўплывы еўрапейскай на беларускую культуру. Дарэчы, як навуковец, ён распрацоўвае важныя тэарэтычныя праблемы беларускай культуры, напрыклад, праблему рэгіяналізму. «Агульнапрынята, што ў культуры важныя не толькі складальнікі зместу, якія ўтвараюць нацыянальна-культурнае адзінства, але і іх спецыфічныя мясцовыя адметнасці. Яны вызначаюць поліварыянтнасць культуры, асабліва народных яе пластоў, тое шчодрае суквецце матэрыяльнага і духоўнага жыцця, якім адрозніваецца кожны этнічны рэгіён. (А.Пяткевіч. Рэгіянальныя асаблівасці культуры Гродзеншчыны // Беларусіка=Albaruthenica. Кн.3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994. С.8–9). Менавіта з рэгіянальных асаблівасцяў пачынае ўзнікаць кожная нацыянальная культура. Гэты падыход знайшоў адлюстраванне ў фундаментальным даведніку «Людзі культуры з Гродзеншчыны», які Аляксей Міхайлавіч складаў на працягу многіх гадоў. Верны сваёй канцэпцыі, ён паслядоўна прапаведуе нацыянальныя каштоўнасці ўсімі даступнымі сродкамі: напрыклад, выдае настольны перакідны каляндар са звесткамі па беларускай культуры, каб нават чыноўнік у сваім кабінеце мог далучыцца да мовы і культуры.

Трэба дбаць пра нацыянальныя прыярытэты і аўтарытэты і не дапускаць іх ганьбавання. Той жа Уладзіслаў Барташэўскі, ганарыцца, калі ягоныя былыя студэнты, сёння чыноўнікі высокага рангу, гавораць: «Прафесар Барташэўскі навучыў мяне патрыятызму».

Заслужаны прафесар, найвышэйшай пробы інтэлігент Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч можа навучыць патрыятызму яшчэ не адзін дзясятак студэнтаў. У гуманістыцы ўзрост — гэта перавага. Карыстацца мудрасцю вядомых інтэлектуалаў — абавязак грамадства.
Пры гэтым зусім не абавязкова, каб паважаныя прафесары мелі вялізную нагрузку, трэба даць ім магчымасць ствараць і пісаць мемуары, узначальваць грамадскія камітэты.

Успамінаецца сустрэча ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве са славутым амерыканскім гісторыкам, палітолагам, прафесарам Гарвардскага ўніверсітэта, былым дарадцам прэзідэнта Р. Рэйгана па савецкіх і ўсходнееўрапейскіх справах Рычардам Пайпсам. 80-гадовы прафесар тады выказаўся пра беларусаў: у вас слабая інтэлігенцыя, але моцная аўтарытарная ўлада. На пытанне, у чым слабасць беларускай інтэлігенцыі ў параўнанні, скажам, з расійскай ці ўкраінскай, ён зноў жа каротка адказаў: вы не маеце дысідэнтаў. Думаецца, гэта быў стэрэатып старога саветолага, а разам з тым слабое веданне сітуацыі ў Беларусі. Нашы дысідэнты А.Адамовіч і М.Улашчык жылі не Еўропе і не ў Амерыцы, а ў Маскве, некаторыя іншыя — побач з намі. Іх пераследавалі самымі вычварнымі спосабамі, пазбаўляючы пасадаў, магчымасці працаваць, пісаць, друкавацца. За апошнія гады беларусы, здаецца, даказалі, што інтэлігенцыя ў нас не слабая, а дысідэнты былі і ў савецкія часы. Доказам таму — успаміны гарадзенцаў Барыса Клейна «Недосказанное. Имена», мемуары Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» і Аляксея Карпюка «Развітанне з ілюзіямі». Усе тры кнігі гарадзенскіх інтэлектуалаў акрамя гістарычнай канвы маюць ў сабе глыбінны маральны падтэкст. Усіх трох аўтараў аб’ядноўвае класічнае адзінства месца, часу і дзеяння. У 1968 г., у правінцыйнай Гародні, пад час савецкай агрэсіі ў Чэхаславакіі менавіта яны ратавалі гонар беларускай інтэлігенцыі сваім адкрытым асуджэннем ганебных учынкаў савецкіх уладаў. Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, на той час дацэнт Гродзенскага універсітэту, быў побач з Быкавым, Карпюком, Клейнам, падзяляў іх прынцыповую пазіцыю. У дзённіку, які ён вядзе яшчэ з савецкіх часоў, відаць, ёсць тлумачэнні многіх падзей, апісанні сустрэч са знакавымі фігурамі нашай і не толькі культуры. Але Аляксей Міхайлавіч не спяшаецца абнародаваць свае ўспаміны. Ён надзвычай сціплы чалавек з абвостраным пачуццём патрабавальнасці да сябе.

З прыкрасцю прыходзіцца сцвярджаць, што ў нашым грамадстве няма чагосьці такога як маральны аўтарытэт нацыі (можа, няма нацыі?). Таму нам цяжка зразумець і ўцяміць, навошта і каму гэта патрэбна. Скажам, быў у нас сусветна вядомы народны пісьменнік Васіль Быкаў. Ці быў ён маральным аўтарытэтам? Для кагосьці — безумоўным і бясспрэчным, але ці для ўсяго народа? Дзе сёння іншыя народныя пісьменнікі Беларусі? Іх голасу не чуваць. Зразумела, у сённяшніх умовах вельмі няпроста заставацца сабою, не адступіцца, не здрадзіць каштоўнасцям, якія абраў яшчэ ў маладосці.

Асабліва

цяпер, калі краіну заліваюць патокі хлусні, грамадства патрабуе маральных аўтарытэтаў, каб канчаткова не згубіць арыенціры, куды рухацца, што ёсць дабро, а што зло. У суседняй Польшчы прыслухоўваюцца да Уладзіслава Барташэўскага, як раней прыслухоўваліся да Ежы Гедройца, чый незалежны голас гучаў з далёкага Парыжу. У Чэхіі бясспрэчным аўтарытэтам з’яўляецца Вацлаў Гавал, у Літве — Томас Венцлава…

Сёння недастаткова быць добрым ці нават народным пісьменнікам, каб цябе ведалі, не кажучы ўжо пра тое, каб чыталі. Да гэтага трэба дадаць шмат складнікаў. Не апошні сярод іх — папулярнасць. Як яна дасягаецца, ведаем прыкладна з механізму стварэння поп-зоркі. Мусіць, яны ў нас і ёсць «аўтарытэты», «народныя» артысты. Але такога «дабра» хапае паўсюль. Затое пустуе ніша нацыянальнага маральнага аўтарытэту. І тут ніякімі рэйтынгамі, кастынгамі і рэкламамі не дапаможаш. Аўтарытэт расце спакваля, дужа марудна, правяраецца часам, выпрабоўваецца агнём, вадой і меднымі трубамі і толькі тады застаецца аўтарытэтам назаўсёды. Як, напрыклад айцец П’ер у Францыі, які яшчэ ў 1956 годзе раздаў ўсю сваю маёмасць бедным, а ў 2006 г. парыжская эліта ў знак салідарнасці з яго ідэямі некалькі дзён начавала ўздоўж Сены ў намётах разам з клашарамі. Для ўсіх безумоўнымі аўтарытэтамі былі і застаюцца Ян Павал ІІ ці Далай-лама. Але ў сваім уласным грамадстве, ці бачым мы такія ўзоры паслядоўнай маральнасці, незалежна ад рэлігіі і сацыяльнага статусу?

Многія інтэлігенты гонар і адказнасць ставяць вышэй за ўсё. Яны заўжды выбіраюць годнасць. Сярод іх — А. М. Пяткевіч.
Ягоныя справы ніколі не разыходзіліся са словамі. Ён уяўляе з сябе рэдкасны тып чалавека, якому няма чаго саромецца ў сваім жыцці, ня трэба вырываць старонкі з уласнай творчасці і біяграфіі. Высокая мараль казала яму змагацца не з кімсьці, а за штосьці. За існаванне беларускай культуры ва ўніверсітэцкіх асяродках, за свабоднае беларускае слова, у рэшце рэшт — за незалежнасць, годнае чалавечае жыццё. Ён ніколі не збочыў з абранага шляху. Калі задаешся пытаннем, што можа зрабіць адзін чалавек для іншых людзей, для сваіх суайчыннікаў, прыходзіць у галаву толькі адзін адказ — быць для іх маральным аўтарытэтам. Што пад гэтым разумець? І прафесійныя якасці, бездакорнае выкананне абавязкаў, і чалавечае, сумленнае стаўленне да агульных паняццяў дабра, справядлівасці, свабоды, праўды. Яшчэ ў старажытнасці Платон заклікаў імкнуцца да гэтага. У сваім штодзённым жыцці мы вельмі часта забываемся пра іх. Адсюль у беларусаў паблажлівае стаўленне да «высокіх» катэгорый — свабоды, праўды, патрыятызму. Маўляў, гэта само сабой, але зараз ня тыя часы.

А што зараз? У якой краіне мы жывём, якія ідэалы вызнаем, ці вызнаем увогуле? Надышоў час задумацца аб душы. Размытасць маральных арыенціраў у нашым грамадстве можа прывесці да катастрафічных наступстваў. На кожным кроку бачныя праявы дэмаралізацыі і духоўнага рэлятывізму. Адзіным паратункам у гэтай сітуацыі можа быць вяртанне да маральных аўтарытэтаў, аб чым павінна задумацца інтэлектуальная эліта грамадства. Інтэлігенцыя ў Беларусі сама дапусціла, што з ёй ня лічыцца ніхто. Гуманістыка ў загоне. Вядзецца адкрыты наступ на акадэмічную навуку, беларускую мову і культуру. Але ўсе маўчаць, даюць сябе з’есці.

«Кожны з нас збірае у жыцці розныя дасведчанні, гэта залежыць ад многіх чыннікаў. Я вырашыў ісці дарогай, якая камусьці можа падацца незвычайнай. Але я з-за гэтага не зрабіўся героем. Проста я меў магчымасць назапашваць вопыт ў экстрэмальных сітуацыях і хацеў бы пераказаць гэты вопыт далей», — казаў калісьці Уладзіслаў Барташэўскі аб сваім жыцці. Адным з галоўных дасведчанняў ягонага жыцця было тое, што ў такіх справах як справядлівасць ці годнасць чалавека нельга ісці на кампрамісы. Гісторыя яго жыцця — гэта гісторыя чалавека, якога ўвесь час пераследавалі, а ён меў шчасце выйсці з гэтага жывым. Сёння ён працягвае змагацца і нікога не баіцца, бо ён — гонар нацыі. Надзея, якая зарадзілася ў сэрцах беларусаў на пачатку 90-х гадоў ХХ ст., што мы будзем жыць у роднай краіне, свабодна гаварыць на роднай мове, ведаць свае традыцыі і звычаі, на жаль, не спраўдзілася. Жыць з такім расчараваннем і бачыць, як вакол ва ўсіх суседзяў дамінуе нацыянальная ідэя, працвітае нацыянальная культура і толькі ў нас яна зганьбаваная, выціснутая на задворкі, абвешчаная па-за законам, чалавеку ў 80 год вельмі балюча. Пакуль што на нашай сцэне разыгрываецца фарс пад лозунгам «Назад у СССР». Але хочацца пажадаць шаноўнаму юбіляру (і нам усім!) дажыць да часоў, калі споўняцца ягоныя мары, і ў свабоднай Беларусі расцвіце родная культура на роднай мове!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?