Члены аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) накіравалі ў пракуратуру Мінска 127 хадайніцтваў аб змене меры стрымання сустаршыні аргкамітэта Паўлу Севярынцу,
паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі.

Хадайніцтвы былі накіраваны вечарам 4 красавіка з Галоўнага паштамта. У хадайніцтвах прыхільнікі стварэння БХД просяць змяніць меру стрымання Севярынцу з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. Яны ручаюцца за тое, што абвінавачаны не схаваецца ад следства.

«Паручыцельствы збіраліся на працягу месяца. Прычым не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. За вызваленне Севярынца падпісаліся больш за сто чалавек, гэта добры вынік», — сказаў Садоўскі.

Паводле яго слоў, у сувязі з нядаўнімі ўцёкамі за мяжу экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і журналісткі Наталлі Радзінай, якія былі выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, людзі асабіста хадайнічалі за Паўла Севярынца, бо ўпэўнены, што ён «нікуды ўцякаць не збіраецца і нікуды не ўцячэ, а як шчыры хрысціянін, мужны і духоўна моцны чалавек возьме свой пакутніцкі крыж, каб дамагчыся вызвалення не толькі асабістага, але і ўсёй Беларусі».

Паводле слоў Садоўскага, паколькі актывісты БХД не здолелі дабіцца, каб да Севярынца пусцілі святара, падпісанты хадайніцтваў выказалі надзею, што яго выпусцяць да суда і да аднаго з галоўных святаў царкоўнага календара — Вялікадня.

Нагадаем, 4 красавіка следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама выстаўлена канчатковае абвінавачанне яшчэ чатыром фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Дзмітрый Бандарэнка, Сяргей Марцалеў, Павел Севярынец і Ірына Халіп абвінавачваюцца на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Згодна з гэтым артыкулам ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Раней Севярынец і астатнія фігуранты гэтай справы абвінавачваліся ў арганізацыі масавых беспарадкаў на падставе артыкула 293 КК. Гэты артыкул прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?