Ён прыняў даверчыя граматы ад пасла Польшчы Лешака Шарэпкі.

Работа ў Беларусі новага пасла Польшчы не павінна стаць страчаным часам. Такую просьбу Аляксандр Лукашэнка выказаў Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешаку Шарэпку.

Як адзначыў Лукашэнка, новым паслом Польшчы ў Беларусі назначаны вельмі дасведчаны палітык, які добра ведае постсавецкую прастору.

«Адзінае, папрасіў бы вас, каб мы не страцілі гэты ваш час, калі вы будзеце ў Беларусі, — сказаў афіцыйны лідар. — Усе палітыкі ў Польшчы добра ведаюць Беларусь, разумеюць працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Я хацеў бы, каб вы як аўтарытэтны чалавек сказалі свае добрае слова і паклалі на шалі добрага супрацоўніцтва паміж нашымі і родным нам польскім народам. Гэта вельмі важна».

Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі яе незалежнасць і суверэнітэт з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю. «Мы адбыліся як суверэнная незалежная дзяржава, і гэты суверэнітэт і незалежнасць мы будзем абараняць, чаго б нам гэта ні каштавала. Нават калі мы застанемся адны (але, як вы разумееце, у гэтым глабальным свеце адзін ніхто не застанецца),

будзем змагацца за гэты суверэнітэт і незалежнасць,

— адзначыў беларускі лідар. — І калі ў Польшчы і ў іншых краінах будуць разумець гэта галоўнае, што з’яўляецца для нас, мы заўсёды выбудуем адносіны па другарадных пытаннях. Мы заўсёды зможам адысці ад таго наноснага, што сёння існуе».

Аляксандр Лукашэнка таксама чарговы раз падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ні з кім заігрываць, ні з Захадам супраць Расіі, ні з Расіяй супраць Захаду, ні з Кітаем супраць Амерыкі, ні з Амерыкай супраць Кітая. «У нас ёсць богам дадзеная зямля, і мы будзем жыць на гэтай зямлі», — сказаў ён.

У сваю чаргу пасол Польшчы адзначыў, што паміж дзвюма краінамі былі, ёсць і будуць агульныя інтарэсы і агульныя праблемы, якія неабходна вырашаць. «Я як дыпламат буду перш за ўсё старацца знаходзіць магчымасці развіцця ўзаемавыгадных адносін. Мы не займаемся барацьбой, мы перш за ўсё спрабуем падтрымліваць сувязі і дапамагаць у развіцці адносін», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?