Яўген Алейнік адказаў на абвінавачванні ў плагіяце.

«Я ў жыцці не чуў песні гурту “Сектор Газа”, можаце мне паверыць», — заявіў «Нашай Ніве» аўтар песні для «Еўрабачання» Яўген Алейнік, якога адзін з слухачоў западозрыў ў плагіяце. Для параўнання ён злучыў у адно фрагменты прыпеваў дзвюх песень — «Я люблю Беларусь» і «Гуляй, мужик».

Яўген Алейнік падкрэсліў, што для абвінавачанняў у плагіяце трэба параўноўваць ноты і запэўніў, што мелодыя песні «Я люблю Беларусь» — арыгінальная.

«Гэта ўжо робіцца смешным. Ні ў адной краіне свету такога няма. Толькі ў нас такое: беларусы топяць сваіх жа беларускіх выканаўцаў. Пачынаючы з самага першага нашага выступлення на конкурсе і да песні Насці. Адно магу сказаць — няхай ім будзе сорамна»,
— абураецца Яўген Алейнік. Па яго словах, усё пачалося з першай прэзентацыі песні ў Лінгвістычным універсітэце на закрытым паказе, калі потым «нейкія добрыя людзі» выклалі відэа песні са старой яшчэ назвай «Born in Bielorussia» ў Сеціва.

Ён кажа, што ўсе гэтыя гісторыі вакол ягонай песні для «Еўрабачання» яму моцна надакучылі: «Калі ў кагосьці яшчэ ёсць нейкія прэтэнзіі, гатовы разглядзець іх у судзе».

Нагадаем, што на сёлетнім «Еўрабачанні» ў Нямеччыне нашу краіну прадставіць студэнтка Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Настасся Віннікава. Конкурсная песня некалькі разоў змяняла назву і тэкст — першапачатковая «Born in Bielorussia» выклікала хвалю негатыўных водгукаў і была змененая нейтральную «I love Belarus».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?