За перыяд 1999 — 2009 гг. колькасць расійцаў у Беларусі зменшылася на 356,6 тысячы чалавек (на 31%), іх доля ў агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі скарацілася з 11,4% у 1999 г. да 8,3% у 2009 г.Пра гэта 31 сакавіка паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі (Белстат).
Паводле дадзеных перапісу насельніцтва Беларусі 2009 год, да расійцаў аднеслі сябе 785 тыс. чалавек (каля 8% насельніцтва). «Па абласцях рэспублікі доля расійцаў вагаецца ад 6,4% у Брэсцкай вобласці да 10,2% у Віцебскай. Амаль 85% расійцаў пражывала ў гарадскіх паселішчах. Найбольш высокая доля расійцаў адзначаная ў агульнай колькасці насельніцтва такіх
Белстат звязвае скарачэнне колькасці расійцаў у Беларусі «перш за ўсё са старэннем».Адзначаецца, што за 10 гадоў доля асобаў, старэйшых за працаздольны ўзрост, у агульнай колькасці расійцаў павялічылася на 11,4% і наблізілася да 33%.
«Разам з тым, доля дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў сярод рэспандэнтаў, якія падчас перапісу аднеслі сябе да расійцаў, істотна знізілася: з 15,2% да 7,4%, — адзначаюць складальнікі справаздачы. — Улічваючы высокую ўдзельную вагу старэйшых узроставых груп у агульнай колькасці расійцаў, можна выказаць здагадку, што мелі месца таксама працэсы іх асіміляцыі, то бок нашчадкі імігрантаў, народжаныя ў Беларусі, падчас апошняга перапісу насельніцтва адносілі сябе да беларусаў, што стала адной з прычын росту іх долі ў агульнай колькасці насельніцтва краіны».
«Звяртае на сябе ўвагу больш высокі ўзровень адукацыі расійцаў. Доля асобаў з больш высокай ступенню адукацыі сярод расійцаў вышэйшая, чым сярод беларусаў.Так, на 1000 чалавек адпаведнай нацыянальнасці вышэйшую адукацыю на момант перапісу насельніцтва 2009 года мелі 312 рускіх супраць 168 беларусаў. Разам з тым, пачатковую адукацыю мелі на 1000 чалавек 119 беларусаў і толькі 53 расійцы», — адзначаюць аўтары справаздачы. На іх думку, прычыны такой сітуацыі — «іміграцыя ў рэспубліку спецыялістаў у пасляваенны перыяд», а таксама высокі адсотак беларусаў, якія з прычыны ўзросту не дасягнулі больш высокага ўзроўню адукацыі.
«Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года ў Рэспубліцы Беларусь пастаянна пражывае 83,6 тыс. грамадзян Расійскай Федэрацыі, што складае 2/3 агульнай колькасці замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы. Больш за 90% расійскіх грамадзян прыбылі ў нашу краіну ў перыяд да 2005 года. Амаль 40% з іх на момант перапісу былі ва ўзросце 50 гадоў і старэйшыя, — адзначаюць спецыялісты Белстата. — Расійская мова з’яўляецца асноўнай мовай насельніцтва Рэспублікі Беларусь. На ёй звычайна размаўляе дома 6 млн 673 тысячы чалавек, або 70% насельніцтва краіны».