Іду, не паднімаючы галавы.
Галёпа. Халаднеча. Мокры снег лепіцца да морды.
Толькі што даведалася, што
гэтыя скаты (беларускае прыгожае слова быдла не для іх) хлопцаў закрылі ў турму на гады!
Цяжка. А як зараз цяжка іх матулям…
Як святкаваць Дзень Волі ў такіх умовах? Якое тут свята?Падыходжу да дому — і раптам адказ дае мне кволая кветачка — касач сеткавы, ён жа ірыс, або ірыдадыктыюм.
Расцвёў!
У галёпу і халаднечу.
Каля плоту.
Рабі тое, што трэба — і будзь, што будзе! — такі дэвіз перадаў мне касач сеткавы, ён жа ірыдыдыктыюм.
Вось так і трэба.
Вось так і будзе заўтра: кожны зробіць тое, што палічыць патрэбным.
Дзякуючы папярэднікам, мы маем Свята.
У іх, скатоў гэтых, свята такога няма.
Нехта ў гэты дзень вывесіць сцяг на балконе, нехта начэпіць на лацкан ці торбу стужачку; нехта прынясе кветкі да Купалы, а нехта — да Коласа; нехта адсвяткуе ў царкве, а нехта — у касцёле; хтосьці голасна падыме тост з сябрамі «Хай ён здохне!», а нехта на працы, як Штырліц, будзе моўчкі, у думках прамаўляць: «За нашу победу!»…
А свята — святы дзень — будзе ім падтрымкай.
Дарагі касач сеткавы, я гэта свята адсвяткую так: з раніцы вывешу на балконе сцяг наш — хай уздымае настрой усім, хто будзе праходзіць міма; дзень буду працаваць; а пад вечар выкапаю цябе, дарагі, перасаджу ў вазон, абматаюТам мы з сяброўкамі дамовіліся сустрэцца ў цэнтры, пройдземся ад Коласа да Купалы, пад помнікам пакінем нашыя кветкі.бел-чырвона-белай стужкай. Паедзем з табой у Горад.
Кветкі для Дашкевіча і Лобава, кветкі для іх бацькоў, кветкі для Статкевіча і Севярынца….
Дарагі ірыс, ты будзеш цвісці каля Купалы… Ці, мо, каля Коласа? Паглядзім.
Мы з сяброўкамі пройдземся ад аднаго да другога.
Нас многа.Са святам!
* * *
Наталка Бабіна — перакладчыца. пісьменніца. Аўтарка рамана «Рыбін горад», кнігі апавяданняў «Крыві не павідна быць відна».





