Прадпрыемства кампаніі «Данон-Юнімілк» у Пружанах наклікала гнеў Лукашэнкі.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар асабіста прыбыў у Пружанскі раён, каб выканаць даручэнне Лукашэнкі аб пакаранні «вінаватых» у празмернай бізнэс-актыўнасці кампаніі «Данон-Юнімілк» у Беларусі.

Нагадаем, што ранейшы дырэктар Пружанскага малаказавода выступаў катэгарычна супраць продажу свайго прадпрыемства расійска-французскай кампаніі. Тады яго проста звольнілі, каб замоўк. Цяпер жа Уладзіміра Мікіціча вярнулі на завод з почасцямі.

— Каб не было ніякіх пагалосак, адразу ж паведамлю: за недастатковую работу з кадрамі і нематываванае звальненне дырэктара Пружанскага малочнага камбіната Уладзіміра Мікіціча старшыні Пружанскага райвыканкама Аляксандру Юркевічу абвешчаная вымова, — цытуе кіраўніка вобласці газета «Вечерній Брест».

Сумар таксама звольніў намесніка старшыні Пружанскага райвыканкама Васіля Казака. Казак курыраваў пытанні эканомікі.

Вінаватым, як заўсёды, аказаліся «стрэлачнік».
Хоць інвестара з «Юнімілка» прыцягвалі на самым высокім узроўні. Згоду на інвестыцыі даваў Лукашэнка асабіста.
Прыход «Юнімілка», паводле чутак, лабіраваў старшыня Нацбанка Пятро Пракаповіч. Малако на заводы «Юнімілка» прадавалі гаспадаркі Нацбанка, у тым ліку цантральная — «Мачулішчы».

Аднак на пэўным этапе інвестар не схацеў рабіць абяцаных большых інвестыцый, вырашаў абмежавацца перапрацоўкай малака на ўжо наяўных магутнасцях. Гэта і выклікала санкцыі.

А магчыма, справа ўвогуле была палітычнай. «Данон-Юнімілк» — кампанія з удзелам французскага і расійскага капіталу. Такім чынам, пасля выбараў сігнал пайшоў на захад і ўсход: лёс інвестыцый будзе рашаць Лукашэнка асабіста.

Пружанскія ж галовы аказаліся проста шчэпкамі, якія лятуць, калі дрэвы сякуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?