У Вярхоўным судзе Беларусі стартаваў судовы працэс па справе старэйшага следчага па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Святланы Байковай.
Яна абвінавачваецца па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Прыцягненне ў якасці абвінавачанага загадзя невінаватага», «Прымус да давання паказанняў», «Загадзя незаконнае затрыманне або заключэнне пад варту», «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

У суд яе прывезлі пад аховай.

Па справе праходзіць шэсць пацярпелых, адзін з якіх — абвінавачаны па справе былога кіраўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў Анатоля Грамовіча. Дарэчы, расследавала справу Грамовіча менавіта Святлана Байкова. Грамовічу, нагадаем, прад’яўленае абвінавачванне па ч.3 арт. 258 «Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй» Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па дадзенай справе праходзіць больш за 30 абвінавачаных, сярод якіх — былыя супрацоўнікі мытных і праваахоўных органаў. Справа тычыцца эпізодаў незаконнага перамяшчэння праз памежны пункт пропуску «Заходні Буг» буйных партый адзення і бытавой тэхнікі. Паводле папярэдніх ацэнак, шкоду, нанесеную дзяржаве ад нявыплаты падаткаў з увезеных тавараў, складае не менш за 20 мільярдаў рублёў.

Прысуд па справе экс-начальніка ДФР яшчэ не вынесены, некаторы час ён знаходзіўся пад арыштам, а цяпер, калі верыць крыніцам «Народнай волі», пад падпіскай аб нявыездзе.

На лаве падсудных разам са Святланай Байковай Карэн Вартанян. Яму інкрымінуецца ч.1 ар.154 Крымінальнага кодэкса — «Наўмыснае прычыненне працяглага болю ці пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты пацярпелага, альбо сістэматычнае нанясенне пабояў, якое не выклікала наступстваў».
На форумах у інтэрнэце Карэна Вартаняна звалі «камерным агентам»: маўляў, знаходзячыся ў СІЗА, ён у простым сэнсе слова выбіваў з сукамернікаў інфармацыю, неабходную той жа Байковай.

Святлана Байкова быццам бы адмаўляе сваю датычнасць да катаванняў грамадзян.

Суд па справе Святланы Байковай, нагадаем, праходзіць у закрытым рэжыме. Нікога з тых, хто не мае адносіны да працэсу, у залу паседжанняў не пускаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?