Алесь Міхалевіч усіх ператварыў у кансьпіролягаў. Прынамсі, сярод камэнтатараў на сайце «Свабоды» аматары змоваў займаюць упэўненае другое месца пасьля тых, хто павіншаваў палітыка з учынкам.
Пры гэтым усе без выключэньня рэплікі кампраматчыкаў ня маюць вагі, бо ня маюць сьцьвярджальнае мэты. Навошта яны пішуцца?
Гісторыя робіцца ўчынкамі, а ня словамі. Пра што й нагадаў Міхалевіч, які публічна адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ і захоўваць іхныя «таямніцы».Шукаю
Яно й цяпер словаў хапае. Пра тое, што агент ці не агент Міхалевіч (калісьці сябры далі яму мянушку Міхельсон) зрабіў гэта наўмысна!
А ня трэба нічога рабіць, асабліва наўмысна, каб не нашкодзіць тым, хто сядзіць. І пад вокнамі Някляева ня трэба дэманстраваць, каб яму не нашкодзіць. І ўвогуле…
Калі няма ўчынкаў, а толькі словы, тады словы ходзяць па коле, наскокваюць адно на адно, і ўся палітыка ператвараецца ў грызьню. Згадайце,
апошнім часам хто толькі з кім у дэмакратычным лягеры не перасварыўся публічна. Проста пандэмія сабачага грыпу. І канца ёй не відаць. А тут зрабіўся ўчынак, і стала відаць цана ўсяму таму сабачаньню.І стала відаць, што толькі маральныя ўчынкі прывядуць да жаданых перамен. Прынамсі, бязь іх ня будзе нічога.
На маю думку, найбольш узважаны камэнтар пра ўсё гэта пакінуў нехта «Мненіе»:
«Тыя кавалкі «пакаяльнай запіскі», якія абнародавала КДБ, асабіста ў мяне ня выклікалі ніякіх эмоцыяў — Алесь у ёй напісаў усё тое, што, уласна, ён казаў у этэры на дэбатах. У фільме (які здымаюць мастацтвазнаўцы ў цывільным. — С.Д.) таксама асабліва глядзець ня будзе на што — і так вядома, што Міхалевіч не экстрэміст, ня хам, не «завадар» людзей на Плошчу, а канструктыўны інтэлігент. І тым больш каштоўная яго адкрытасьць і тое, што чалавек не пабаяўся і не зламаўся».
Сапраўды, «абламаць» КДБ чалавеку зь мяккімі манерамі, у акулярах і з такой мянушкай, як любіць бясконца паўтараць адзін пэрсанаж, «дорогого стоіт».
Між іншым, прозьвішча вайскоўца, які пасадзіў у клетку мазаічнага Ямельку Пугачова і спыніў ягонае ірацыянальнае бясчынства, было Міхельсон.





