Пасля цяжкай хваробы ў Берасцейскім шпіталі памёр выбітны баранавіцкі паэт Янка Збажына (Іван Савіцкі).

Нарадзіўся Янка 31 сакавіка 1964 года ў Баранавічах. У 1993 годзе скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Гісторык, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплінаў. Працаваў выкладчыкам у баранавіцкіх школах, ВНУ.

Адзін з актыўных удзельнікаў беларускага руху 1990-х. Пачынальнік скаўцкага руху ў Баранавічах і Беларусі. Удзельнічаў у заснаванні баранавіцкай філіі БАЖ, сябра АДП.

Яго творы друкаваліся ў беларускіх літаратурных выданнях («Полымя», «Маладосць», «Бярозка», «ЛІМ», «Ніва», «Дзеяслоў»). Яго вершы ўваходзілі ў шматлікія зборнікі.

У 2004 годзе выдаў кнігу паэзіі і прозы «Пыл саркафагаў». Яна была станоўча ацэненая крытыкамі. Нават на бальнічным ложку Ян Збажына меў шмат планаў. Хацеў выдаць яшчэ адну кнігу. На жаль, лёс склаўся па-іншаму.

«Пыл саркафагаў» на сайце Святліцы

«Меч гладыятара» ў Дзеяслове

«Пляванне ў столь»

Ян Збажына на «Камунікаце»

Ян Збажына

СТАГОДДЗЕ

Айчына. Воля. Барацьба.
Пятля. Астрог і неба ў краты.
Жывога вечная сяўба
І пустазелле, бюракраты.

Гарластых цётак чарада.
Авоські. Клункі. Плёткі. Сваркі.
Штодзённасць…
Спрэчкі і нуда.
Нуда і спрэчкі…
Святы, чаркі.
Высакароднасць. Грамада.
Вячэра. Лаянка за скваркі.

Крыніца. Маці. Немаўля.
Забойцы. Здраднікі. Пачвары.
Пакутная ў слязах зямля
І лёсам гнаныя ахвяры.

У СКЛЕПЕ

Пыл не здзьмухвай. Прабач і пакінь.
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска

Вільготным пылам саркафагаў
ля эпітафій бачу час
і ў лаўрах марную развагу
выяваў — профіль і анфас.
Камень шыхтамі сваю вернасць
няхістка захаваў руцэ,
што й зараз мур так шчыльна тчэ.
Зайздрошчу тым, чый крок паверхня
няўладна больш адлюстраваць —
на павуцінне ўтаймаваць
павук паспеў іх след.
З начніцы
хімера невымоўнасць п’е…
Плыву ў суцэльнай таямніцы,
апошні сведка — сам сабе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0