Беларускія рэзервы скурчыліся да памеру месячнага аб'ёму імпарту з невялікім. Гэта не значыць банкруцтва, але вымагае тэрміновых антыкрызісных мераў.

Паводле папярэдніх звестак, міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, за студзень 2011 года паменшалі на 687,7 млн. долараў ЗША (на 13,7%) і на 1 лютага склалі 4 млрд. 343 млн. долараў ЗША.

Ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка адзначаюць, што «зніжэнне золатавалютных рэзерваў з’яўляецца характэрнай для студзеня з’явай і назіраецца на працягу ўсяго перыяду разліку гэтых паказчыкаў».

У якасці асноўных прычын у галоўным банку краіны выдзяляюць «сезонныя фактары» — выкананне разлікаў у замежнай валюце па абавязацельствах мінулага года, а таксама традыцыйнае падзенне аб’ёмаў валютнай выручкі, што паступае ў краіну, на фоне высокай патрэбы ў валюце для разлікаў за энерганосьбіты.

Сапраўды, кожны люты аб'ём золатавалютных рэзерваў падае ў параўнанні са студзенем, але папярэднія гады лічбы зніжэння былі нашмат меншымі. 2010 год - $380 мільёнаў, 2009 - $133 мільёны, 2008 - $394 мільёны.

Акрамя таго, паводле звестак Нацбанка, у студзені 2011 года на аб’ём рэзерваў дадатковы негатыўны ўплыў аказалі падзенне цэн на каштоўныя металы на сусветных рынках, а таксама аднаўленне банкамі валютных пазіцый, якія скараціліся ў лістападзе-снежні 2010 года з-за высокага попыту насельніцтва на замежную валюту.

У сваю чаргу, чысты попыт насельніцтва на замежную валюту ў студзені, як і чакалі ў Нацбанку, прыкметна скараціўся і склаў каля 57 млн. долараў ЗША ў параўнанні з 649 млн. долараў ЗША ў снежні 2010 года.

«Наяўны ўзровень рэзерваў з’яўляецца дастатковым для вырашэння прыярытэтнай задачы грашова-крэдытнай палітыкі па падтрыманні стабільнага курсу беларускага рубля ў рамках устаноўленага калідора значэнняў. Тым не менш, у мэтах умацавання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці Нацыянальным банкам сумесна з урадам Беларусі цяпер прымаецца цэлы комплекс дадатковых мер, накіраваных на павелічэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Нацбанк плануе, што рост міжнародных рэзервовых актываў у 2011 годзе складзе не менш чым 1,2 млрд. долараў ЗША. Асноўнымі фактарамі такога росту павінны стаць прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў памеры 6,4–6,5 млрд. долараў ЗША, а таксама выраўноўванне сітуацыі ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі за кошт павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.

За 2010 год золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся амаль на 622 млн. долараў, ці 11%,
і на 1 студзеня 2011 года склалі 5 млрд. 30,7 млн. долараў. Прычым актывы ў замежнай валюце скараціліся яшчэ больш катастрафічна.

Найвышэйшы ўзровень золатавалютных рэзерваў быў дасягнуты ў красавіку 2010, калі паказчык склаў $6,073 мільярда. З таго часу назіраецца пастаяннае падзенне, за выняткам верасня-кастрычніка 2010.

Цяперашні ўзровень - найніжэйшы з кастрычніка 2010 года. Цікава, што

перад пачаткам сусветнага фінансаваг крызісу, які пачаў уздзейнічаць на беларускую эканоміку ўвосень 2008 года, золатавалютных рэзерваў было прыблізна столькі ж, колькі і зараз, каля чатырох з паловай мільярдаў даляраў.

Варта адзначыць, што ўзровень золатавалютных запасаў у Беларусі ў прапорцыі да ВУП застаецца адным з найніжэйшых у Еўропе. Ён вышэйшы нават у беднай Малдове.

Валютныя запасы — гэта свайго роду падушка бяспекі для эканомікі. МВФ рэкамендуе, каб яны складалі не менш за вартасць 3-месячнага аб’ёму імпарту краіны. Між тым беларускія рэзервы скурчыліся да памеру месячнага аб'ёму імпарту з невялікім.
Напрыклад, памер беларускага імпарту за лістапад 2010 года склаў $3,77 мільярда, а за верасень-лістапад - больш за $10 мільярдаў. Запас, нагадаем, складае 4,34 мільярда.

Апошні раз беднасць валютных запасаў Беларусі дала пра сябе знаць у ліпені, у часе газавага канфлікту з Расеяй, калі краіна элементарна не мела свабодных грошай, каб расплаціцца па расейскіх патрабаваннях. Тады выручыў Азербайджан, які зрабіў для нашай краіны тэрміновую пазыку.

Імклівае падзенне рэзерваў не азначае банкруцтва. На грэбні фінансавага крызісу 2008 года яны былі на ніжэйшым узроўні. Але сітуацыя вымагае тэрміновых антыкрызісных мераў.
Можна чакаць новых абмежаванняў на валютным рынку і далейшых спробаў абмежаваць імпарт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?