Гродзенскае тэлебачанне расказала пра адлічаных першакурснікаў. «Ніякай палітыкі!» – лейтматыў сюжэту.

«На фоне палітычнай абстаноўкі, што склалася на сённяшні дзень, многія не сядзяць на месцы склаўшы рукі, а імкнуцца знайсці сваю выгаду.

Вось і студэнты, якія ў навучальным працэсе недасведчаныя дый зорак з неба не хапаюць, зразумелі: калі ў вучобе нічога не атрымліваецца, чаму б не паўстаць ахвярай якога-небудзь пераследу.
А там і працяг сваёй студэнцкай кар’еры ў якой-небудзь замежнай ВНУ выгарыць». З гэтых словаў пачынаецца сюжэт Гродзенскага тэлебачання, прысвечаны адлічэнням студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Яго паказалі сёння, 2 лютага.
Журналісты тэлеканала даводзяць, што за адлічэннямі студэнтаў ня трэба шукаць палітычных матываў, бо яны, маўляў, кепска вучыліся і прагульвалі.
У якасці пацверджання прыводзяцца словы намесніка дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ Вікенція Таркоўскага і начальніка вучэбна-арганізацыйнага аддзела ўніверсітэта Міхаіла Баброўніка. Па іх словах, усяго ў бліжэйшы час было адлічана 9 чалавек, з іх 7 першакурснікаў, 1 другакурснік і 1 чацвёртакурснік. Прычыны адлічэння – нездавальняючыя адзнакі і няяўка на сесію. Пры гэтым, ні выкладчыкі ўніверсітэта, ні аўтары сюжэту не назвалі прозвішчы адлічаных студэнтаў, якія «працягнуць студэнцкую кар’еру ў якой-небудзь замежнай ВНУ».
Тым часам, сталі вядомыя прозвішчы двух студэнтаў, аднаго з якіх ужо адлічылі, а другому адлічэнне яшчэ пагражае. Гэта Барыс Захарчук і Яўген Бусько.
Абое былі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня. Яўгена затрымалі, ён адсядзеў 15 сутак. Ягоную маці Валянціну Бусько, якая працавала адвакатам у Гродзенскай абласной калегіі, пазбавілі працы, ануляваўшы ліцэнзію.

Нагадаем, што напрыканцы студзеня міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, дарэчы, былы рэктар ГрДУ, заявіў журналістам, што паводле новага Кодэкса аб адукацыі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях студэнтаў чакае дысцыплінарная адказнасць — вымова ці папярэджанне. А за пропускі заняткаў яны могуць быць адлічаныя.

Сюжэт Гродзенскага тэлебачання быў паказаны ў дзень, калі быў апублікаваны спіс чыноўнікаў, якім пасля падзей 19 снежня будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў ЕС. Сярод іх апынуліся і журналістаў дзяржаўных СМІ, а таксама рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?