Сёння, 2 лютага, — дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага.

«Начальнік паўстання» — адна з самых папулярных і пазнавальных гістарычных постацей Беларусі.

Часавая адлегласць, якая аддзяляе нас ад яго, не такая і вялікая. Каб лёс склаўся іначай,

Каліноўскі, народжаны ў 1838-м, мог бы дажыць бы да беларускай Незалежнасці.
Мо і доля Беларускай Народнай Рэспублікі была б інакшай, каб у 1918-м на чале яе стаў патрыярх вызвольнага руху, жывая легенда — 80-гадовы Начальнік паўстання.

Дый сёння Каліноўскі не ўспрымаецца адстаронена, як несучаснік. У 2006-м менавіта яго імем удзельнікі паслявыбарных пратэстаў называлі пляц у цэнтры Мінска, на якім стаў намётавы гарадок. Асоба Каліноўскага абуджае найбольшую нянавісць у дамарослых гісторыкаў-русацяпаў.

Яго публіцыстыка, знойдзеная падчас ператрусу, адназначна выклікала б падазрэнне ў супрацоўнікаў КДБ
, якія нядаўна ціквіліся вершамі Купалы.

Прапануем Вашай увазе надзіва надзённыя вытрымкі з «Мужыцкай праўды».

«…як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народу лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу.

…А ў нас, Дзецюкі, ці гэтак? Ці ў нас ёсць справядлівая навука ў школах, што вучыць жыць без крыўды другога? Ці ёсць праўда і справядлівасць у судзе? Ці можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Ц ўрад маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыць шчасліва? Самі скажыце?

У нас, Дзецюкі,

адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаць па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіць на маскаля. Суды — гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, ці за табой праўда, ці не, а скубуць адно як могуць. Бяспекі ніякай няма, хто дужэйшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кожнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народу і застагнаць
, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы.

…Калі Цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашам краю няма людзей здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё свае аддаці для народу, а для таго, што Цар гэтакіх людзей у сыбір высылае, а

за нашыя грошы назначае чыноўнікаў гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца.
Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжо да розуму — ён, калі і няма прыказу Цара, то сам выдумае спосаб як абадраці бедны народ. І дзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відаць, што

глум, здзерства і несправядлівасць выходзіць ад самога Цара
 — ён то з нас выбірае войска, ён то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а, ўзяўшыся са ўсімі гіцлямі за рукі, адно нас трымае ў няволі. Але прыходзіць яму ўжо канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць, гэта ўсё роўна што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народа! Вось таму Цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняць будзе… Ён знае, якая то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што мужык хоча, каб ніхто не смеў драць з нікога, — і для таго, як мы яго ўраду, так ён нашай вольнасці баіцца…

Яська, гаспадар з-пад Вільні».

«Мужыцкая праўда» № 4

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?