На тэлеканале АНТ у перадачы «Контуры» з’явіўся сюжэт прысвечаны кіраўніку штаба Уладзіміра Някляева Андрэю Дзмітрыеву. Расказвалася, колькі кватэр, машын, участкаў набыў Дзмітрыеў за апошні год. А таксама колькі разоў ён лётаў за мяжу бізнэс-класам.

Паводле інфармацыі тэлеканала, за апошні год Андрэй Дзмітрыеў набыў кватэру ў элітным доме за 200 тысяч даляраў, пляц пад дом пад Мінскам, а таксама аўтамабілі «Лексус» 2006 года і «Таёта» 2005 года.

На жаль, «НН» не ўдалося звязацца з аўтарамі рэпартажу АНТ каб атрымаць ад іх дакументальныя доказы таго, што спадар Дзмітрыеў валодае такой маёмасцю. У прэс-службе тэлекампаніі патлумачылі, што такой магчымасці няма.

Сам Андрэй Дзмітрыеў у гутарцы з карэспандэнтам «НН» назваў рэпартаж АНТ «кінастужкай пра тры магнітафоны і тры партсігары імпартныя».

Паводле яго словаў, у сюжэце АНТ быў паказаны аўтамабіль блізкіх яму людзей, а ён валодае толькі адным аўтамабілем і адной двухпакаёвай кватэрай. «Прапаганда спрабуе згуляць на зайздрасці. Маўляў, людзі павінны зайздросціць апазіцыянерам, бо тыя могуць мець машыны і кватэры. Але я спадзяюся, што гэтага не будзе. Я нармальны чалавек, мне 30 гадоў, чаму я не магу мець аўтамабіль і кватэру?»
 — гаворыць былы кіраўнік штабу Някляева.

Андрэй Дзмітрыеў судзіцца з АНТ не збіраецца і лічыць такія сюжэты спробай ачарніць як яго асабіста, так і апазіцыю ўцэлым. «Я не пакрыўдзіўся на іх. Не збіраюся падаваць у суд і не лічу, што з гэтым варта лічыцца. З іншага боку, хацелася б пабачыць сюжэты аб маёмасці беларускіх чыноўнікаў. Там ёсць што паказаць», — зазначыў А.Дзмітрыеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?