Напярэдадні сваіх народзінаў Віктар Статкевіч атрымаў ліст ад сына, а ў дзень свайго 84-годдзя прымаў бясконцыя тэлефанаванні і віншаванні ад сяброў і знаёмых.
Фота Людмілы Пракопавай.
Фота Людмілы Пракопавай.
Ліст ад сына. Фота Людмілы Пракопавай.
– Віктар Паўлавіч, радыя былі лісту ад сына?
– Канечне, рады!.. Цяпер я хаця б ведаю, што ён жывы.
З журналістамі Віктар Паўлавіч размаўляе ахвотна, але хвалюецца, каб лішняга не сказаць:
– Не хачу, каб усё зло за мае словы спаганялі пасля на маім сыне...
Бацька разгортвае і паказвае журналістам белы аркуш паперы – ліст ад сына. Менш за чвэртку яго спісана дробным, рэдкім почыркам:
«Дарагі папа. Віншую цябе з Днём твайго нараджэння, жадаю табе здароўя, моцы і сіл. Даруй, што ў твой дзень я не з табой. Беражы сябе, гуляй кожны дзень, еш болей садавіны і гародніны, болей чытай кніжкі. Я цябе вельмі люблю. Твой сын Коля. М. Статкевіч. 14.01.2011».
У гэтым лісце, па словах Віктара Паўлавіча, – да болю знаёмы яму сынаў клопат пра бацьку:
– Коля заўсёды так казаў мне: каб я бярог сябе, каб кожны дзень гуляў… Толькі канцоўка ў гэтым лісце нейкая дзіўная. Ён ужо падпісаў ліст: «Твой сын Коля».. Навошта было пасля гэтых словаў пісаць яшчэ і М. Статкевіч?.. Мне здаецца, ён не мог так напісаць.
Цяпер, кажа, Віктар Паўлавіч, ён з нецярпеннем будзе чакаць наступнага ліста ад сына:
– Я ведаю, каб майму сыну дазволілі, ён пісаў бы мне штодня.
Да гэтага ліста пра лёс Міколы Статкевіча амаль месяц ужо нічога не было чуваць. Бацька кажа, яго сыну, як і іншым вязням, таксама доўгі час не дазвалялі перадаваць перадачы. Нядаўна адмовіліся перадаць нават бялізну. Невядома нават, ці трымае ён абвешчаную яшчэ месяц таму галадоўку. І гэта невядомасць, па словах Віктара Статкевіча, – самае страшнае.
– Віктар Паўлавіч, ці не думалі вы над тым, каб пераехаць да старэйшага сына ва Украіну?
– Ды ён тэлефануе мне ледзь не штодня, просіць, каб я прыязджаў. Але як я з’еду адсюль, дзе мой малодшы сын у няволі? Калі я з’еду – гэта будзе вялікі грэх. Я назаўтра ж буду рвацца адтуль назад. А тут мне кожна дзень нехта патэлефануе, раскажа нешта новае. Я і так не сплю ўжо ні па начах, ні ўдзень. Адзіная радасць – што сёння так шмат людзей мяне не забываюць.





