Міністэрства транспарту і камунікацый зьвярнулася ва ўрад з прапановай аб падвышэньні тарыфаў на праезд у грамадзкім транспарце.
Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў намесьнік міністра Аляксандр Шышко.
Паводле яго слоў, адпаведны ліст міністэрства падрыхтавала і накіравала ў Саўмін.
«Ёсьць рэзалюцыя Мінэканомікі і Мінфіну разгледзець яго, каб адрэгуляваць гэтае пытаньне»,- адзначыў намесьнік міністра.
«Сёньня для таго, каб транспартныя прадпрыемствы працавалі стабільна, дзейных тарыфаў (па Менску гэта 700 рублёў, у іншых гарадах 600 рублёў) недастаткова. Растуць цэны на паліва і запчасткі, нашы прадпрыемствы атрымліваюць субсыдыі з бюджэту, але яны невялікія, таму прадпрыемствы, якія займаюцца сацыяльна значнымі перавозкамі, працуюць практычна стратна»,- паведаміў Шышко.
Памер тарыфаў ўплывае і на зарплату кіроўцаў. «На жаль, ідзе адток кіроўцаў, таму што зарплата не павышаецца, а выгадаваць такога вадзіцеля цяжка»,- падкрэсьліў Шышко.
«Мы будзем прасіць ўрад, каб тарыф на праезд рос, але не скачкападобна, а ў залежнасьці ад падвышэньня заработнай платы ў краіне»,- сказаў прадстаўнік Мінтранса.





