Рашэньне аб апякунстве над трохгадовым Данілам — сынам зьняволеных у СІЗА КДБэкс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп — яшчэ не прынята.
Пра гэта паведаміла «Свабодзе» бабуля хлопчыка Люцына Халіп:
«Гэтае пытаньне будзе вырашацца на паседжаньні адміністрацыі Партызанскага раёну. Я ўжо размаўляла з загадчыцай аддзелу народнай асьветы. Яны яшчэ павінны зрабіць нейкія свае дакумэнты. Потым гэта будзе пададзена на разгляд адміністрацыі, якая прымае рашэньне. Яны мяне супакойваюць, што ўсё будзе добра».
Дагэтуль у СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што апекуном прызначана бабуля хлопчыка Люцына Халіп.
У адміністрацыі абяцаюць, што ўсе неабходныя фармальнасьці па разглядзе заявы бабулі аб апякунстве, якую яна напісала 24 сьнежня 2010 году, будуць выкананыя ў тэрмін. А ён мінае празь месяц ад дня падачы заявы,
гэта значыць 24 студзеня.
Бацькоў Даніка затрымалі ў Менску вечарам 19 сьнежня пасьля масавай акцыі пратэсту. Ім выставілі абвінавачаньне ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Андрэю Саньнікаву і Ірыне Халіп пагражаюць працяглыя тэрміны зьняволеньня.





