ГУТАРКА
Жаночая ненародная казка
Жанчына жыла ў той дзіўны час і была ў тым блаславёным веку, калі яе раўналеткі змушаныя былі ледзь не штотыдзень падфарбоўваць здрадніцкую сівізну і перыядычна, звычайна напярэдадні вясны, цешыць сябе думкамі пра амаль рэальную магчымасць
Тэлефанаванне заспела знянацку. Затлумленая побытавай мітуснёй, жанчына аўтаматычна разляпіла палавінкі сваёй парэпанай «нокіі» і, не зважаючы на гукі, што папярэджвалі пра чужака «на дроце», сказала «слухаю».
— Я ведаю, што маеце на мэце адмаўляцца, але я б не раіў Вам гэтага рабіць. Тым Вы зробіце толькі горш для сябе, ускладняючы сваё становішча. Таму запішыце, калі ласка, адрас і нумар кабінета… Такі час Вас задаволіць?.. Тады чакаем, усяго найлепшага.
У азначаны дзень і час яна была вольнай, самотнай ды крыху сумнай: перманентны крызіс сярэдняга веку настойліва патрабаваў хоць гады ў рады мяняць атачэнне, новыя джынсы й шпількі прагнулі шпацыру…
…………………………………………………………………………………………………..
— Добры дзень, уладкоўвайцеся вось тут… Мяне клічуць Ё. П. Р., следчы СТУ, назавіце сябе, калі ласка…
— К. Л.
— Як Вы ўжо ведаеце, мы выклікаем для гутаркі ўсіх, хто апынуўся ў гэтым месцы таго самага чысла. Не варта адмаўляць, што Вы там былі, — Ваш тэлефон зафіксаваны ў азначаным квадраце ў перыяд вось з гэтай да гэтай гадзіны. Адкажыце, калі ласка, з якой мэтай вы туды ішлі й што там рабілі…
— Я ж не магу так адразу засяродзіцца… малады чалавек,
— К. Л., ваш тэлефон зафіксаваны на азначаным месцы…
— Як гэта зафіксаваны? Свой тэлефон я звычайна нашу ў торбачцы, ніхто яго нідзе не фіксаваў, я б ведала…
— Тэлефон зафіксаваны спецыяльным прыборам, вось раздрукоўка спісаў, гэта Ваш нумар?
— Ну я тады Аэліта з Марса… Не, я бачыла нешта такое ў НТВэшным серыяле, але ж там іншы раз такое паказваюць, няўжо вы, хлопцы, верыце?.. А спісаў я такіх надрукую вам тысячу мільёнаў да неба. Пару гадоў таму, як муж збег, сама пампавала левыя базы з сеціва, каб каханак ягоных вылічыць. І гэтак тады мне карцела займець нешта падобнае, ці дзе жучка набыць… Ды дзе нам, клушам, тое для нас фантастыка…
— Спадарыня, для нас гэта даўно рэальнасць, давайце па справе… голас следчага пачынаў набіраць моцы ды злёгку падрыгваў.
— Па якой? У якасці каго я тады выкліканая, дзе мая позва, пратакол, адвакат… усё жыццё на мне нехта ашчаджае… Набраўшы паболей паветра, утаропіўшыся ў столь, кабеціна сілілася згадаць яшчэ нешта з некалі чытанага ў нэце і сакатала на аўтамаце: я не веру ў праўдзівасць вашага сцверджання… Вы змушаеце мяне да самаагавору, канстатуючы нешта нечуванае ў свеце…
— Факт Вашага недаверу да нашай інфармацыі не мае аніякага значэння… Сур’ёзныя эксперты…
— Каб жа толькі да інфармацыі я не мела даверу… Я ўвогуле не давяраю людзям, якія трымаюць за ўзор чалавека, што панішчыў процьму невінаватых, не менш сур’ёзныя эксперты тое даўно давялі…
— Что Вы імеете в віду? Падаў голас адзін з прысутных.
— Мужчына, гэтая фраза недапушчальная ў размовах з кабетамі майго веку, хіба Вы не памятаеце той стары савецкі анекдот?..
— Што Вы сабе дазваляеце, Вы выкліканыя на гутарку ў афіцыйную ўстанову…
— Я гутару… Мае паводзіны, як мне падаецца, знаходзяцца ў межах майго разумення гэтага працэсу, калі нешта не так, то дайце інструкцыю і патлумачце, чаму я павінна ёй падпарадкоўвацца. Я ж не працую ў вашай афіцыйнай установе…
— К. Л., што Вы можаце нам паведаміць па тым пытанні, што нас цікавіць: Вы самі туды пайшлі ці нехта паклікаў…
— Дзіўныя людзі, вы ж вучылі нешта ў вашай альма матэр, чаму я павінна нешта сведчыць пра сябе малазнаёмым хлопцам пад партрэтам чалавека, які аддаваў загады нішчыць маіх крэўных?..
— Ды Вы
— Ну, гэта гледзячы адкуль лічыць: калі з цэнтру, то можна сказаць, што найбліжэйшыя мне — навадворскія, а калі… добра… Вы проста правакуеце мяне на прызнанне… Скажу я вам, спадары афіцэры, па сакрэце (голас жанчыны сцішыўся, стаў ніжэйшы, яна пасунулася бліжэй да нездарова, плямамі паружавелага маладзенькага практыканта, змусіўшы яго адчуць дух цёплага ўспатнелага цела, змяшанага з пахам свежазасмажаных катлетаў): даследуючы свой радавод, я высветліла, што наш прэзідэнт даводзіцца мне дзядзькам па бацькоўскай лініі… Вы мне верыце?
— Калі прыведзяце пераканаўчыя
— Вось і мне патрэбныя доказы таго, што вы тут цвердзіце, — скарыстаўшыся няёмкасцю паўзы, жанчына зноў затрашчала, бы сарока: — Я патрабую пачытаць інструкцыю да таго
— Сканчай гэты цырк на дроце, Ё., вазьмі ў яе адбіткі і хай шыбуе… — страсянуў застаялае паветра кабінета пагрозлівы рык назіральніка.
— Няўжо яшчэ ёсць дзівакі, што хапаюць абы што голымі лапамі… Не, мае пальцы — мая прылада працы і занадта чуллівы орган для такой працэдуры, да таго ж, можа быць алергія, потым не расплаціцеся…
— Слухай, ты, «асабліва разумная»…
— Менавіта так і казаў важак партызанскай хеўры, пазней
— Ды папсаваць табе жыццё — раз плюнуць…
— Працуйце над манерамі, афіцэр… Усё, што вы маглі для псавання майго жыцця зрабіць, вы ўжо зрабілі… праўда, цяпер горш можа быць толькі вяртанне майго «благавернага», што само сабой змарнуе ўсе вашыя папярэднія намаганні…
— Вы марнуеце наш час, а мы занятыя людзі…
— Я не набівалася, яшчэ праз тэлефон хацела сказаць, што мне няма пра што з вамі гутарыць, дык слова не далі ўшчаміць, а мая знаёміца, між іншага, раз назвалася па тэлефоне карэспандэнткай
— Вы свабодная, можаце ісці…
— Не ісці, а ехаць — двума відамі транспарту з перасадкай, сюды і назад — 2800, бутэлька малака. Лічыце, падарыла вам за шкоднасць…
…Мала што падаткі за нечы ідыятызм дзяруць, дык яшчэ і гатоўку… — гугнела сабе пад нос амаль зляцеўшая з катушак ад узрушэння гэтая сівая пігаліца — блін гарэлы, на трэніроўку спазняюся, а яшчэ памыцца б паспець… на халеру нажэрлася катлетаў на двое сутак наперад?..
«Чмо на цырлах, а ўсё туды ж, прэцца куды Макар цялят не ганяў… застаўся я на х… без стыпендыі… на, падавіся, вазьмі маё дабро і
— Ну што, «спадар следчы» Ё., зноў незалік… Казалі ж: размовы праводзіць — гэта вам не капусту варыць. Практыкуйцеся лепей. Пра тэрмін пераздачы даведаецеся ў дэканаце.





